Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
САМАЗВАНЦЫ I ГАЛАДРАНЦЫ
Пра князёўну Тараканаву, якая выдавала сябе за пазашлюбную дачку імператрыцы Лізаветы, свет перапоўнены чуткамі, здагадкамі, прыдумкамі, байкамі і легендамі. Хто яна на самай справе, не ведае ніхто.
Мог бы пра яе расказаць пінскі «консилярий» Міхаіл Даманскі, але і ён даўно не жыве на свеце. А быў той адчайны пінчук кавалерам князёўны Тараканавай, ледзь не жаніўся на ёй.
Яна называлася пані Франк. Выдавала сябе за князёўну Валдамір з Каўказа, графіню Піняберг, сястру Пугачова, урэшце, называла сябе ўсерасійскай князёўнай, дачкой імператрыцы Лізаветы ад тайнага яе шлюбу з Аляксеем Разумоўскім.
Прыгажуня, магніт для мужчын, яна не ведала межаў свайго ўплыву. Валодала еўрапейскімі мовамі, мела характар італьянкі. Малочнага колеру твар, чорныя валасы, вялікія вочы рабілі яе абаяльнай.
Сам гетман Вялікага княства Літоўскага, таленавіты маэстра Міхаіл Агінскі сустракаўся з князёўнай Тараканавай, прынцэсай Азоўскай, у Парыжы, перадаваў ёй рамантычныя запіскі.
I вось на арбіту князёўны выходзіць віленскі ваявода Караль Радзівіл, Пане Каханку. Не прызнаўшы караля Станіслава Аўгуста, ён вырашыў часова эмігрыраваць, пабадзяцца па свеце. Свае патрыятычныя перакананні даводзіў так:
— Аддаю хвалу Богу! У дъябла не веру. Прытрымліваюся справядлівасці. Не ведаю караля без дваранства. Мой голас гучыць вольна. Я — абаронца перадавога накірунку, не прашу нічога ў іншых, як робяць тыя, хто свой вольны голас прадае маскалям...
Жывучы з такім настроем у Італіі, Пане Каханку спаткаў прынцэсу Азоўскую, князёўну рускую.
А ў гэты час Расіяй правіла жорсткая Кацярына II. Палякі, дый беларусы, не маглі дараваць ёй падзелу Рэчы Паспалітай. Мо для патрыёта сваёй радзімы Караля Радзівіла самазванка Лізавета бліснула выратавальнай зоркай?
Праз свайго галоўнага памочніка ў палітычных справах пінскага кансілярыя Міхаіла Даманскага ён сустрэўся з «унучкай» Пятра I, апошняй прадстаўніцай дома Раманавых, князёўнай Лізаветай. Невядома, чым завяршыліся б тыя спатканні, але Радзівіл вымушаны быў спешна пакінуць замежжа. 3 радзімы даляцела звестка, што яго пасада віленскага ваяводы аб'яўлена вакантнай.
У пачатку лістапада 1774 года ён выехаў з родзічам, рэчыцкім старастам, дамоў.
3 князёўнай застаўся малады і гарачы пінчук Міхаіл Даманскі. Ён адкінуў убок усе палітычныя інтрыгі, па вушы закахаўся ў прыгажуню-авантурыстку.
А «князёўне» спадабалася гуляць у «царыцу», і невядома якім чынам, але па свеце пачаў гуляць яе покліч:
«Божией милостью, Мы, Елизавета II, княжна Всея России, обьявляем всем верным нашим подданным, что они могут высказаться только за Нас или против Нас. Мы имеем больше прав, чем узурпаторы государства, и в скором времены обьявим завещание умершей императрицы Елизаветы. Не желающие Нам принять прысягу будут наказаны по освящённым установленным самим народом, возобновлённым Петром I, повелителем Всея России, законам».
Дайшла гэта лістоўка і да Кацярыны II. Яна загадала свайму фаварыту Арлову выслаць каго-небудзь за прэтэндэнткай на прастол, заманіць на борт рускага карабля і даставіць у сталіцу. Пачалося паляванне на «разбойніцу».
Раніцай 6 ліпеня 1775 года для «царыцы» і яе каханага пінскага кансілярыя Міхаіла Даманскага былі вызначаны асобныя «пакоі» ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Па даручэнні Кацярыны II дазнанне пачаў весці сам пецярбургскі генерал-губернатар, князь Аляксандр Міхайлавіч Галіцын.
У найбольш складанай сітуацыі аказаўся Даманскі. Трэба было выгарадзіць князёўну Тараканаву, выратаваць рэпутацыю Радзівіла і сябе не патапіць. Але што тычыцца інтымных пачуццяў, то Даманскі, да яго гонару, не ўтойваў іх. Галіцын вымушаны быў аб гэтым рапартаваць Кацярыне II 13 ліпеня 1775 года. Яго, следчага, здзівіла, што сярод сцен жывой дамавіны пінскі чыноўнік у парыве маладога энтузіязму заявіў: «Калі б вы аддалі мне яе ў жонкі, я ўзяў бы яе нават у адной кашулі».
Кацярына II вырашыла гэта прызнанне выкарыстаць для следства. Яна даручыла Галіцыну прапанаваць Даманскаму наступнае: калі ён скажа, адкуль князёўна Тараканава родам і хто яна на самай справе, то атрымае яе ў жонкі і вясельны падарунак — волю для абаіх.
Каханыя захавалі тайну. Выбралі адзінае на крутым вітку жыцця — смерць.
Загадкавая князёўна аддала Богу душу ў сем гадзін вечара 15 снежня 1775 года. Яе сэрца вытрымала толькі 162 дні няволі ў Петрапаўлаўскай крэпасці. Яе там жа і пахавалі, у Аляксандраўскім равеліне.
А што з пінскім «консилярием» Міхаілам Даманскім? Для Кацярыны II, Галіцына, дый для даследуючых гісторыкаў, ён памёр, сканаў разам з канчынай авантурысткі.
Для нас жа ён цікавая, загадкавая постаць з беларускага Палесся. Відаць, ён быў неардынарнай асобай, што служыў самому Радзівілу, Пане Каханку.
Пад яго чьшоўніцкім вокам жылі, множыліся і паміралі Цюхаі-Ліпскія. Іх сем’і, як тысячы іншых у Пінскім павеце, потам выраблялі і выплачвалі падаткі, за якія «консилярий» раскатваў па замежжы, угрымліваў каханку, аплачваў яе даўгі.
Зусім іншы «рай» панаваў на абшарах Піншчыны.