Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
СУСТРЭЧЫ КАЛЯ ЦАРКВЫ
У Ольпені я пабываў у 7502 годзе ад утварэння свету. У 1993 годзе — ад нараджэння Хрыстова. I на 514 годзе ад першага ўспамінку шляхецкай ваколіцы ў архіўных паперах.
Але калі ўлічыць, што вакол Давыд-Гарадка, а Ольпень у пяці кіламетрах ад яго, знойдзены старажытныя курганы, то можна ўявіць, з якой даўніны тут селяцца людзі.
Курганы тыя па-мясцоваму называюць «капцы», «татарскія могілкі», «татарскія горкі». Мо і звязаны яны з колішнімі ваяўнічымі ордамі?
Вядома з летапісаў і тое, што тут атабарвалася некалі славянскае племя драўлян, якое «сідзяша в лесах».
Хто сёння жыве тут? Якія людзі? Ці помняць мінуўшчыну? Як бачыцца ім заўтрашні дзень?
Каля ракі Гарынь мы павярнулі направа. Машыну затрэсла па разбітай дарозе. Ехалі ўздоўж канавы, у якой мужчыны і хлопцы лавілі рыбу, уюноў. Цяпер не трэба пытацца дазволу ў пана, але іншая бяда — рыбы няма. Вынішчылі яе нядбайныя гаспадары, травячы ваду згубнымі нечыстотамі. Вытравілі рыбу і нашы ратавальнікі — меліяратары, якія выпрамілі рэкі, асушылі балоты, прапісалі пясчаныя пустыні на Палессі.
I вось — паселішча Ольпень!
Божа! Колькі гадоў і месяцаў рыхтаваўся, каб убачыць «пупавіну» Цюхаёў.
Вёска як вёска. Драўляныя дамы. Агароды. Стаяць хаты пустыя, ніхто ў іх не жыве, не абагравае. Хіба толькі бацяны ладзяць на іх свае кватэры, ніяк не вераць, што гаспадары са сваёй вечнасці сюды ніколі не вернуцца.
Вёска адметная хіба тым, што ў ёй — ажно пятнаццаць вуліц і завулкаў. Яны так пераплецены, што амаль усе сядзібы маюць індывідуальную, незалежную забудову. У Ольпені кожны ўладар «маёнтка» імкнецца нечым адметным вылучыцца ад свайго суседа. Адсюль — непаўторнасць.
А вось назвы вуліц да крыўднага стандартныя, на ўзроўні мыслення сучаснага Кручкова, суддзі з п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта». У старажытным паселішчы Ольпень ёсць вуліца Парыжскай Камуны, хаця вёска пастаўляла сваіх вояў на Давыд-Гарадоцкае паўстанне 1648 года. Ёсць вуліца Гагарына, а ваколіцу вывеў на арбіту гісторыі Дунін-Марцінкевіч. Ёсць, а як жа без іх (!), — Савецкая, Кастрычніцкая, Піянерская. А далей і зусім безгустоўшчына — Ціхая, Паўднёвая, Новая...
Мы прыехалі ў Ольпень у жніўні. Стаяў сонечны, лагодны, Божы дзянёк. I быў святок — Успенне. Тут кажуць: «Надышло Успенне — цягні бульбу за карэнне». Але ў гэты дзень ольпенцы кінуліся не на палеткі, а з усіх вуліц і завулкаў, як з рэк і ручаёчкаў, сцякліся да царквы. Здаецца, сюды завіталі ўсе 780 чалавек з 370 хат. Дарэчы, у 1909 годзе тут было 1145 жыхароў, а двароў — 175.
Варта сказаць колькі слоў і пра саму царкву. 3 засяленнем ваколіцы Ольпень востра паўстала патрэба ў будаўніцтве свайго Хрыстова дома. Хіба справядліва, што заняты зямянін павінен думаць, дзе перахрысціцца, замаліць грахі, папрасіць у Бога прабачэння і падмогі?
Кажуць, у Ольпені некалькі разоў будавалася царква. I па розных прычынах знікала. У 1784 годзе, напрыклад, прададзена ў Белавушу.
Змайстравана і адштукавана нанава Ольпенская царква ў 1888 годзе. Яе склалі мясцовыя ўмельцы з дрэва трохзрубным храмам. На трохгаловым завяршэнні засвяціліся на ўсё наваколле пазалочаныя крыжы.
3 таго часу царква і гарэла, і разбуралася бурай, і закрывалася бязбожнікамі. Але выжыла, выстаяла перад усімі нягодамі, як і самі ольпенцы.
Апошні раз паўстапа царква ва ўсім сваім харастве 22 жніўня 1989 года. Ажыла на ахвяраванні вернікаў і з падмогай мясцовага калгаса «За Радзіму». Перад гэтым 26 гадоў не працавала.
У той дзень, калі мы прыехалі, ольпенцы памаліліся, паставілі свечкі, паслухалі пропаведзь святара. А тады выйшлі ўсе на свежае паветра. Зацвіў людскі кветнік вакол драўлянай Успенскай царквы.