Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
Нешта падобнае адбывалася і з Іванам Цюхаём-Ліпскім. Ён даслужыўся да вознага ў Вялікім княстве Літоўскім. Хутчэй за ўсё выконваў свае абавязкі ў Пінскім павеце, бо менавіта мясцовы князь выдаў яму такі шчодры гасцінец.
Возны па тым часе быў важнай шышкай у земскім урадзе. Прызначаўся самім ваяводам, па прапанове суда і шляхты. Прымаў прысягу. Выконваў розныя даручэнні суда: аглядаў месцы злачынстваў, спрэчак, вызначаў памеры шкоды. Падаваў, развозіў позвы ў суд, прывозіў на пасяджэнні падсудных. Недатыкальнасць вознага гарантаваў статут. За абразу яго маглі даць штраф альбо пасадзіць крыўдзіцеля за краты на дваццаць дзён. Пасядзі, падумай, ці варта на службоўца пляваць.
А за нанясенне ран ці забойства вознага прымянялася смяротная кара. Роўна як да самога вознага, калі ён даваў наўмысна непраўдзівыя дазнанні. Во якім чыноўнікам быў Іван Цюхай-Ліпскі!
Відаць, ён служыў верна і душэўна, бо далёка не кожнаму князі адломлівалі ад свайго «пірага» кавалак зямлі.
Пра вознага Цюхая не захавалася ў архівах аніякіх звестак. Тым больш пра яго не пісалі кніг, а вось праз жыццяпіс князя Яраслававіча тое-сёе можна даведацца пра тую эпоху.
Тураўска-Пінскае княства да 1157 года не мела самастойнасці, а ўваходзіла ў склад Вялікага княства Кіеўскага. Былі, праўда, кароткія перыяды, калі ім спрабавалі верхаводзіць Святаполк Акаянны ды Ізяслаў, блізкія спадкаемцы святога Уладзіміра. .
Тут мне хочацца зрабіць невялікае адступленне і выказаць адну гістарычную супярэчнасць, якая здаўна не дае мне спакою і разгадкі якой не знаходжу. Кіеўскаму князю Уладзіміру Святаслававічу нададзены сан святога ў XIII стагоддзі па загадзе Аляксандра Неўскага. Хай сабе! Ён, можа, і заслужыў перад Богам такой ухвалы за ўвядзенне хрысціянства на Кіеўскай Русі. Ёсць у яго, безумоўна, іншыя заслугі перад небам і зямлёй. Але як можна сумясціць званне святога з крывавымі дзеямі? Гэтага мая душа не можа дараваць усемагутнаму князю.
Як вядома, ён пажадаў узяць у жонкі маладзенькую дачку полацкага князя Рагвалода, чароўную Рагнеду. Яна адмовіла яму. Нібыта адбрыла сватоў такімі словамі: «Скажыце свайму князю, што не іду за рабыніча». Уладзімірава матка была нявольніцай, рабыняй.
Дык што зрабіў разгневаны князь?
Пайшоў вайною на Полацк. Спаліў горад. Забіў Рагнедзінага бацьку, яе маці, двух братоў, а яе самую перад гэтым, на вачах у знясіленых бацькоў, у лужыне крыві... згвалціў. Сілком завёз у Кіеў, зрабіў яе сваёй жонкай, надаў новае імя — Гарыслава. Ці можа такі чалавек быць святым?
Хай яму і тым, хто ўзвёў яго ў святыя, судцзёй будзе сам Бог. А мы прадоўжым аповяд пра шчодрага пінскага князя Яраслававіча. Яго прапрародзіч — святы Уладзімір. Перад ім у роднаснай лесвіцы — Уладзімір Манамах, Юрый Далгарукі, Андрэй Багалюбскі. Сам жа Фёдар Іванавіч Яраслававіч знаходзіцца ў дванаццатым калене да Уладзіміра Святаслававіча. Бацька яго Іван быў жанаты на князёўне Варатынскай, валодаў Клецкам, Рагачовам, пазней — Давыд-Гарадком. Сястра Юльяна стала жонкай князя Рыгора Гальшанскага, а сястра Васіліса — жонкай Івана Хадкевіча.
Фёдар — адзіны сын у князя Івана Васільевіча. На яго ўскладваў бацька ўсе надзеі. Напачатку ўсё ішло найлепшым чынам. Фёдар ажаніўся на князёўне Алене Аляльковіч. Яе багаты род таксама пачынаўся ад кіеўскіх князёў. Яе маці князёўне Марыі, брату і ёй самой перайшло ў 1471 годзе ў спадчыну Пінскае княства. На самай справе валодаў княствам муж Алены, зяць Марыі, былы гарадзецкі князь Фёдар Іванавіч Яраслававіч.
У гэткім званні ён дачакаўся старасці. Дзяцей з Аленай Аляльковіч не нажыў. Яна памерла ў 1518 годзе. Князю заставалася жыць два гады. I, відаць, адчуўшы сваю канчыну, не маючы спадкаемцаў, Фёдар Іванавіч пачаў шчодра задорваць усіх, хто верна служыў яму. Пры гэтым выдаваў такі акт: «Я, князь Фёдар Іванавіч Яраслававіч, з княжной сваёй Аленай чынім знакамітым нашым лістом, каму будзе патрэбна бачыць яго, ахвяраванні нашы...»
Так Іван Цюхай-Ліпскі атрымаў маёнтак і зямлю ў ваколіцы Ольпень, што ў пяці кіламетрах ад Давыд-Гарадка. Саму Ольпень князь падарыў Зяновічу-Ольпенскаму. Баярыну Алешу Яраслававіч аддаў вёску Беражное. Роду Карповічаў дасталася ад князя вёска Дубой. Жыхарам вёскі Пераходзіла — царква. Вёска Рубель перапала Зышчынічам, Пашкевічам ды Грышку Разанаву, вёска Уголец — Ігнату Ахматаву, а Вялемічы — Лявону Ранцэвічу...
Вось так, з аднаго княства, бралі гаючыя вытокі новыя сямейныя крыніцы. Нараджаліся новыя дынастыі, якія нясуць на сабе зялёныя парасткі аж па сённяшні дзень. Толькі, на вялікі жаль, нашчадкі радаводных сямейных дрэваў анічоганькі не ведаюць пра сівую даўніну.