Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
Першае пісьмо падпісаў 22 лістапада 1844 года, у якім скардзіўся цару, што яшчэ 7 сакавіка 1835 года паслаў у Мінскі дваранскі сход дакументы на зацвярджэнне яго ў дваранстве, а адказу ўсё няма.
Дзевяць гадоў чакаў Флор пісьма з Мінска. Яго ліст цару — гэта крык душы, адчай, крок насустрач буры. Адчайны Флор!
Вось і атрымаў праз тры месяцы адказ з Мінска. Чыноўнікі выгарадзілі сябе: «За несвоевременное представленне нужных дополнительных документов в Геральдию Вы, Флориан Йосифович, переведены в однодворцы...» 3 яго запатрабавалі яшчэ 30 капеек срэбрам гербавага падатку за адзін аркуш простай паперы, «употребленной канцелярией на производство ответа».
Ольпенскі Флор Цюхай-Ліпскі піша яшчэ два пісьмы цару, дасылае патрэбныя дакументы. I вось — перамога! Указам урадавага Сената па дэпартаменце Геральдыі ад 29 студзеня 1862 года за 908 Фларыян Іосіфаў «сопричислен» да роду дваранства. Прапрадзед Аляксандр мог бы ганарыцца сваім нашчадкам, які 27 гадоў дамагаўся праўды ў самадзержца. I дамогся! У яго на покуце, пад абразамі, ляжала пасведчанне ў цвёрдай вокладцы, на якім чырвонымі літарамі было напісана: «ДВАРАНІН».
Уся Ольпень, відаць, ганарылася Флорам. Асабліва радня. Паверылі ў яго баявітасць і моц. Ён, Флор, сын Юзэфа, стаў абаронцам роду. I гэта пацвярджаюць наступныя пісьмы да цара.
Пакуль ішла валтузня з прысваеннем яму звання двараніна, у яго самога, у яго братоў родных і стрыечных нарадзіліся дзеці, якіх аўтаматычна «причислили» да аднадворцаў, сялян-уласнікаў з выкананнем пэўных павіннасцей і выплатай падаткаў.
Выправіць гэту несправядлівасць бярэцца Флор. Піша новае пісьмо цару, збірае патрэбныя дакументы і па 10 рублёў срэбрам пошліны з кожнага Цюхая, які хоча мець пасведчанне двараніна. Такіх Ліпскіх набралася дванаццаць чалавек з Ольпені: Мікалай Фларыянаў, Міхаіл Канстанцінаў, Ілья Іваноў, Сцяпан і Лявон Івановы, Рыгор Андрэеў, Міхаіл Фёдараў, Сцяпан Андрэеў, Іван і Цімафей Фадзеевы, Іван Пятроў і Лука Андрэеў. Пісьмо адпраўлена 5 красавіка 1866 года.
Праз чатыры гады Флор вымушаны плаціць яшчэ за адно пісьмо цару, бо чыноўнікі з геральдыі пазнаходзілі шмат недакладнасцей у дакументах. Чаму ў братоў Лукі і Паўла ў аднаго бацька «показан» Андрэем Феадосавічам, а ў другога — Андрэем Фёдаравічам? Чаму ў метрыках Мікалая бацька запісаны Флорам, а называецца — Фларыянам? Чаму ў метрыках Міхаіла Фёдарава прапушчана імя маці? Чаму ў метрыках пішацца Фёдар, а ў пісьме — Тодар?
Флор цярпліва тлумачыць рускім чыноўнікам, дыктуе пісару, запішы:
— Праваслаўнае імя Фёдар адпавядае рымска-каталіцкаму Тодар...
I на гэты раз Флор перамог: 18 лістапада 1874 года за № 3277 дэпартамент геральдыі зацвердзіў дванаццаць ольпенцаў у дваранскім званні. Сярод іх быў і адзіны сын Флора Мікалай. Яму па тым часе ўжо споўнілася трыццаць гадоў. I ён прадстаўляў сёмае калена Цюхаёў ад Аляксандра.
На сёмым вітку радаводнай арбіты я налічыў таксама дзевяць Цюхаёў. Адзін з іх — Лявон, Міхайлаў сын, асабліва вылучыўся. Ён нарадзіўся 17 чэрвеня 1872 года, як сцвярджаюць астролагі, пад знакам высокага Меркурыя. I ўзляцеў над усімі Цюхаямі, вырваўся ў людзі з Ольпені.
За нейкія заслугі, за пэўныя здольнасці ольпенскага двараніна Лявона Міхайлавіча Ліпскага ў 1909 годзе вылучылі земскім гласным ад Мазырскага павета ў Мінскі губернскі камітэт па справах земскай гаспадаркі. Узначальваў камітэт сам губернатар, дзейсны стацкі саветнік Якаў Эрдэлі. Членамі былі: губернскі прадвадзіцель дваранства, віцэ-губернатар, кіраўнік казённай палаты, пракурор, воінскі начальнік, а таксама гласныя ад паветаў. Разам з Лявонам Ліпскім інтарэсы Мазырскага павета абаранялі ў камітэце Іярон Кяневіч, Феафан Марцынкевіч, Міхаіл Чапчыц.
Лявон Ліпскі з чароўнай жонкай Пелагеяй меў трох сыноў — Івана, Віктара і Уладзіміра, тры дачкі — Любу, Веру, Надзею. 3 Любоўю Лявонаўнай я меў шчасце бачыцца, гаварыць. Яна спявала колішнія песні. Галасістая, гасцінная, з маладой душой, бабулька ўвайшла ў маё сэрца назаўсёды. А вось пра бацьку толькі і ведала, што быў «культурны».
Антон Мацвееў, таксама з сёмага калена, чамусьці аказаўся ва Усурыйскім краі, на станцыі Акіянская. Працаваў там на Усходне-Кітайскай чыгунцы стрэлачнікам. Летам 1913 года «потомственный» ольпенскі дваранін пісаў з далёкага краю мінскаму губернатару:
«Имея сына Кирилла — восьми лет, дочерей Елену— шести, Ольгу — пяти лет, Антонину — трех лет, которым я желаю дать образование в среднем учебном заведении, но от меня требуют Указ о дворянском моем происхождении, в потому имею честь покорнейше просить распоряжения Вашего Превосходительства о высылке мне Дворянского Указа...»
Адказ з Мінска ва Усурыйск да Цюхая-Ліпскага Антона Мацвеева пасланы праз дзесяць месяцаў. Адказ несуцяшальны: «Ходатайство Ваше не может быть удовлетворено, потому что Вы не числитесь в списках дворян Мозырского уезда». Не хапіла стрэлачніку Антону настырнасці яго стрыечнага дзядзькі Флора. Так ён і яго дзеці засталіся без дваранскага звання. Цікава, як склаўся іх лёс?
Адчуў, што чым вышэй падымаўся па радаводнай лесвіцы Аляксандра, а ў восьмым, дзевятым, асабліва дзесятым каленах дыхнула дваццатым стагоддзем, нашай сучаснасцю, тым больш узнікала пытанняў. Хацелася кінуць архівы і ляцець, шукаць тую Ольпень, да якой прыкіпела душа. Але вырашыў стрымацца ад паездкі, пакуль не адшукаю дакументы на радавод астатніх трох сыноў Івана Цюхая-Ліпскага.