Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
РУБЕЛЬЦЫ
Ольпенцы, як садзяць агарод, кажуць:
— Зарадзі, Божа, па сваёй волі, на ўсіх долю!..
Дык і ў суседняй вёсцы Рубель таго ж просяць у Бога.
Там і там, у шляхты і мужыкоў, свае клічкі. Прыдумляюць з гумарам, дасціпна. Адзін выйдзе на вуліцу, аратуе, што цар, дык от і Царык.
Дзед другога ў войску быў кірасірам, а нашчадак — Карась. Трэці, маленькі і чарнявы, любіў пра Карэю пагаварыць, от і празвалі на векі вечныя — Карэец.
Ёсць і такія: Князь, Гузік, Чаўко, Ладыга, Булава, Адэса, Цапра, Моха, Пушыха...
У Ольпені і Рублі агульныя прыкметы. Калі дрозд крычыць рэзка і трывожна — да непагадзі. Калі сляпні і авадні шалеюць, калі лес без ветру шуміць — будзе дождж. Кошка цягнецца да вады, багата і прагна п’е — зменіцца надвор’е.
Дык жа яшчэ ёсць агульнае ў ольпенцаў і рубельцаў — карані радаводныя. Праўда, яны самі пра гэта мала ведаюць, толькі здагадваюцца, як і пра жыццё на Марсе.
У некаторых губернскіх дакументах пра Ліпскіх сказана, што яны валодалі землямі ў Ольпені і Рублі. Па звестках на 1909 год, гэта былі даволі вялікія паселішчы ў Мазырскім павеце. Уваходзілі яны ў Хорскую воласць. Бліжэйшая чыгуначная станцыя — Лахва, а пошта — у Давыд-Гарадку. У Ольпені — 175, у Рублі — 448 двароў. Спакваля, парушаючы даўнейшыя завядзёнкі, перамешваліся, ператасоўваліся шляхта і мужыкі. Мяняліся землямі. Уводзілі ў сем’і іншаверцаў. Зруйноўваліся ў званнях, якія канчаткова скасавала рэвалюцыя ў 1917 годзе.
Адну з такіх «зроўненых» адшукаў у Рублі. Каця Антосева, па мужу Ліпская, па клічцы Пятрыха, кінула рэзаць буракі карове, не выпускаючы з рук доўгі нож, пачала расказваць:
— Была я Вабішчэвіч, а стала — Ліпская. Пяць братоў у мяне. Водзін вумер з войны. Ад ціфусу. Хацелі забраць на хронт, а ён занядужаў. Хто хворага возьме? А бацька вумер, як мне было шэсць гадоў. Маці ў школу не пусціла. Сказала: «Хай, Каця, хлопцы вучацца». Дак яны па тры класы скончьші, а я — ніводнага. Голыя былі. Хлеба ўволю не мелі. Калатушы жытняй маці зварыць, засмажыць — от смачна!.. Мужаў бацька хварэў, дай вумер. Бедны быў, а шляхтай называўся. А мы з Пятром во хату збудавалі, карову маем, агарод і дзяцей — Антона, Рыгора, Сцёпу, Толю, Лёню, Косцю і Вольгу. Дачка ўжо замужам. Былі хлопцы іншыя, а яна сіротку ўпадобала. Хай жывуць...
— Ці маеце які грэх на душы?
— Ага, ёсць, — уздыхнула Пятрыха. — У царкву не хаджу — от і грэх. Няма колі хадзіць, от і грэшная...
Чалавека яе, Аляксандра Пятровіча Ліпскага, не дачакаўся. Ён, сказалі, вернецца з сенакосу позна вечарам.
На іншай вуліцы, а іх у Рублі болей за два дзесяткі, сустрэў Паліну Цімафееўну Ліпскую. Каб не клічка, не знайшоў бы яе. Ніхто не ведае бабу Паліну, а Гумарыху адразу паказалі.
— Вуньдзека яна, сядзіць на лавачцы.
Гумарыха сустрэла мяне з радасцю. Надакучыла, відаць, цішыня, маўчанне, ахвотна пачала расказваць пра сябе:
— Чалавек мой быў Пятро Данілаў Ліпскі. Родам адселе, з Рубля...
— Хто яго бацька?
— Каб жа я, дзіцятка, ведала. Мо й ведала, дак забылася. Я з дзяўятага году, о колькі мне! Хіба ўсё запомніш?..
— Што помніце?
— Помню, дзіцятка, што ў нас з Пятром было дзевяць дзяцей. Раней меней не рабілі. Адзін сын на вайне галоўку склаў. Двое тут умёрлі...
— Вы — шляхцянка?
— Мой жа Пятро з Цюхаёў. Ого, каб мужычку ўзяў — трымай вуха!.. Гэта зара трохі перамяшаліся, а тады клеіліся да свайго клану...
— Багатыя былі?
— Ага, дзіцятка, абраблялі сваю зямельку, дык усяго й мелі. Шэсць кароў, тры кані. Багатыя на ўвесь Рубель!..
— Чаму вас Гумарыхай празвалі?
— Вясёлая ўрадзілася. Цяпер галава баліць. 3 кіёчкам хаджу. На вуме — нічоганькі... — і нечакана для мяне, а мо і для самой сябе, баба Паліна заспявала: — «Шумяць вербы, што я пасадзіла, няма майго міленькага, што я любіла...»
Гумарыха змоўкла, перанеслася ў нейкі далёкі, патаемны свет. Так нічога і не сказала болей. Мо ўспомніла свайго Пятра, каханне з ім?
А мне ў гэты час прыгадалася пісьмо шляхцюка, памочніка павятовага пісара да сваёй каханкі, дачкі фельчара. Арыгінал яго прыводзіць Н. Янчук у кнізе «Па Мінскай губерні», якую ён выдаў пасля падарожжа па Палессі ў 1886 годзе. Хай гэта пасланне з таго стагоддзя запоўніць тужлівую паўзу бабы Паліны з вёскі Рубель.
«Мілая Юлька!
Сумна! Сумна! Не толькі на сэрцы, а ўсюдую. Паглядзіце на надвор’е, нават і яно сумуе па вас. Сонца зайшло за горку, помніце, за тую, што кала царквы, і пайшоў такі вялікі снег, што не можна з хаты вылезці. Не тое було ў Забалоцці, калі вы булі ў нас. Сонца заўсёды весела іграла на небе, а я на гармоніку. От вы пайшлі скакаць польку, так було радасна пазіраць, як вявірачка — скок ды скок. Помніце? Гэта було, калі вы прыехалі ад Н. і калі казалі, што выпілі там тры бутэлькі віна. Тады вы напісалі на цыгарэтнай паперцы, што любіце мяне. Я ж тую паперку схаваў сабе на памяць у штаны. Не думайце, каб я ўздумаў вас кампузаваць, беражы Бог, я так шчыра вас люблю, што ніколі не скуру тую паперку. А як успомню вашы міленькія вочкі, дак яны пранізваюць стрэлкамі мае грудзі. Бог сведка, як баляць мае грудзі. I калі доўга не буду бачыць вас, то памру. Гарызонт наш цяпер пахмурны, бо вас няма. А можа, не знаеце, што такое гарызонт? Ета мардафара (відаць, метафара. — Ул. Л.), так выражаюцца толькі разумныя людзі, і я думаю, што колісь буду разумным чалавекам. 3 ісціным пачытаннем вашага дабрадушша застаюся ваш паклоннік. Цалую вашы малінавыя вусны. Шчыры друг і добразычлівец (подпіс)...»