Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
ЧАТЫРЫ БРАТЫ
Хочаш есці калачы,
то не сядзі на пячы.
Д. Г. Булгакоўскі. «Пінчукі»
На жанчынах трымаецца свет.
Але даруйце, чароўныя, радавод вядзецца толькі па мужчынскай лініі. Вось чаму землеўладальнікі нястомна «шукалі» дзяцей. 3 асаблівай радасцю замочвалі нараджэнне сына. На яго ўскладвалася надзея: не згубіць прозвішча, будзе гаспадаром на зямельцы.
Ад Івана Цюхая-Ліпскага засталося чатыры сыны. Прасочым іх галіны на працягу дзесяці пакаленняў. Паспрабуем уявіць, як развіваліся яны. Ды кожны з чытачоў хай на вус наматае, хай кожнаму закарціць пашукаць сябе праз стагоддзі.
ЛІНІЯ АЛЯКСАНДРА. Аляксандр — старэйшы з Іванавых хлопцаў. У яго самога быў толькі адзін сын Антон. Гэта, відаць, непакоіла бацькоў. I яны прыкупілі ў 1715 годзе для спадчынніка частку маёнтка ў Аляксандра Зяновіча і яго жонкі ў ваколіцы Ольпень. У 1743 годзе купілі яшчэ маёнтак Бутрымаўшчызну з сялянамі ў Івана Канапніцкага, таксама ў Ольпені. Усё гэта, разам з бацькоўскім спадчынным маёнткам, Аляксандр запісаў у духоўным запавеце свайму сыну Антону. У кнігах падкаморскіх Мазырскага павета той запавет зарэгістраваны 24 снежня 1754 года.
Не дзяржаўнай важнасці дакумент. Непрыкметны нават для павета. Радавы для Ольпені. А, бачыце, пра яго ведаюць архівы. I з якой дакладнасцю: запавет набыў сілу за 6 дзён да новага, 1755 года. А гэта якраз той год, калі на землях Беларусі пачалі вырошчваць замежны ласунак — бульбу. Магчыма, Антон і стаў першым «бульбянікам» сярод Цюхаёў-Ліпскіх.
Вядома, што восенню 1780 года ў Ольпені здарыўся пажар. Згарэла некалькі дзесяткаў дамоў. Сярод іх быў і Антонаў маёнтак. Агонь знішчыў дакументы на зямлю. I яму даводзілася стукацца да высокіх чыноўнікаў, даказваць сваю спадкаемнасць.
Антон з жонкай «расстараліся» двух сыноў — Андрэя і Людвіга. Яны і вывелі Цюхаёў па лініі Аляксандра на чацвёртую арбіту.
Андрэй жаніўся на Юстыне, Людвіг — на Анастасіі. Жылі на бацькавай зямлі ў Ольпені. А калі сабралі грошай, купілі ў Івана Жэлігоўскага 7 ліпеня 1785 года ніўку зямлі на шэсць загонаў. Бацькаў жа маёнтак у Бутрымаўшчызне прадалі Бернарду Аскерку. Аб чым ёсць запіс 11 сакавіка 1794 года ў кнігах гродскіх Мінскага ваяводства.
На пятае калена выйшлі: ад Андрэя — Юзэф і Андрэй, ад Людвіга — Іван.
На гэтых хлопцаў захаваліся нават метрыкі. Юзэф нарадзіўся 4 ліпеня 1799 года, Андрэй — 10 верасня 1796 года, Іван — 17 ліпеня 1796 года. Па тым часе Ольпень уваходзіла ў Мазырскі павет, а іх бацькі вялі жыццё «адпаведна дваранскаму званню».
Шостае калена самае моцнае ў гэтай галіне: дзевяць нашчадкаў!
У Юзэфа і Магдаліны — сыны Фларыян, Канстанцін, Андрэй, Мацвей. У Андрэя з Таццянай — Іван і Васіль. У Івана — Сымон, Іван, Рыгор. Бачыце, з кожным новым пакаленнем ушаноўваецца Я родапачынальніка — Іван. I яшчэ заўважым: галіна Аляксандра, якая ледзь-ледзь не «засохла», расквітнела ў шостым калене, набыла новыя жывільныя сілы.
Усе дзевяць нашчадкаў шостай лініі нарадзіліся пасля вайны з Напалеонам. Былі немаўлятамі, калі адбылося польска-беларускае паўстанне 1830—1831 гадоў. Усіх іх хрысціў у Ольпенскай царкве свяшчэннік Стэфан Данькевіч. А падняўшыся на ногі, хлопцы вучыліся ў бацькоў здабываць хлеб. Шукалі нявест, гулялі вяселлі ды наматалі на вус мудрыя пажаданні:
— Дай, Божа, спажыць вам бацькаву зямельку, каб у пары састарыліся.
— Дай, Гасподзь, добра пажываць ды хлеб на здароўе паядаць!
У застоллі абавязкова знаходзіліся песняры, яны не шкадавалі галасоў:
Маці сына выпраўляла,
Месяцам аперазала,
Зоркаю засцягнула,
Доляю абгарнула...
Якой доляй? Свет на гэта праліваюць пісьмы Фларыяна Юзэфавіча Цюхая-Ліпскага да цара. Колькі ён іх склаў, не ведаю, але ў архівах захоўваюцца сем яго лістоў. Спачатку да Мікалая I, а пасля — да Аляксандра II.
Усе Фларыянавы пасланні з Ольпені ў Санкт-Пецярбург пісаў «по словам просителя» дваранін Даніла Антонаў Маліноўскі. Прасіцель толькі «руку прыкладваў», распісваўся «Флоян Иосифов Липски». Літары тлустыя, расцягнутыя, відаць, вельмі хваляваўся, калі выводзіў іх. Верыў, што сам цар убачыць яго подпіс. Хай ведае, што і ён у Ольпені не лыкам шыты, пяро ўмее трымаць і за сябе пастаяць.
Для сучасных чытачоў, якія толкам не ведаюць, як звярнуцца да чалавека — ці то «спадар», ці «пан», ці «таварыш», у царскай іерархіі чынашанаванне было проста віртуозным. Хочаш напісаць цару, купі гербавую паперу, а на ёй ужо надрукаваны зварот да адрасата: «Всепресвътлъйший, Державнъйший, Великій Государъ Императоръ Александръ Николаевічъ, Самодержецъ Всероссійскій, Государъ Всемилостивъйшій!»
Пісьмы да цара даходзілі толькі вельмі важныя, але ўсе прасіцелі вялізнай імперыі адрасавалі свае лісты «Всемилстивейшему». I верылі: імператар не дасць у крыўду, разбярэцца, падможа, заступіцца.
Што прасіў Флор у цара?