Паходжанне прозвішча Ляшкевіч-Зяновіч-Альпенскі

ЛЯШКЕВІЧ — беларускае прозвішча, якое ўтворана шляхам дабаўлення да карэннай асновы суфікса -віч. Такі тып прозвішчаў дастаткова распаўсюджаны ў цэнтральнай і заходняй Беларусі, а таксама на тэрыторыі сучаснай Польшчы. Па аналогіі ўтвораны такія прозвішчы як Ляўковіч, Краўцэвіч, Ждановіч, Саковіч, Тышкевіч і шмат іншых.

Паводле сцвярджэнняў беларускага мовазнаўцы, аўтара некалькіх даследаванняў па антрапаніміі, прафесара Мікалая Бірылы, прозвішча ЛЯШКЕВІЧ утворана ад апелятыўнай лексікі і, відавочна, паходзіць ад слова "ЛЕШКО", што, у чаю чаргу, з'яўляецца вытворнай ад слова "ЛЯХ" (паляк)."ЛЯХ "паляк" (Нас., АУ). — Лях, Ляхаў, Ляхін, Ляховіч, ?Ляшэвіч; Ляшук; Ляшко, Ляшок, Ляшкоў, Ляшкевіч, Ляшковіч; Ляхоўскі. Бел. у ХVI-XVII стст. Лях. Ляшко (БА.І. 232-233; Туп.). У летапісе Ляшко з ХІ ст. (Туп.). Укр. ХV-ХVІІ стст. Лях, Ляшко (Туп.). СРП Ляхов, Ляхович, Ляховский, Ляховецкий.(Нас.,АУ — Насович И.И. Алфавитный указатель слов, извлеченных из актов, относящихся к истории Западной России (рукапіс)). (Туп.Тупиков Н.П. Словарь древнерусских личных собственных имен. СПб, 1903.) (СРП — сучасныя рускія прозвішчы). Бірыла М.В. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. стр.264. Такая гіпотэза мае дакументальнае пацверджанне. Нягледзячы на тое, што прозвішча Ляшкевіч ужо ўзгадваецца ў першай палове 16-га стагоддзя (у 1515 годзе князь Фёдар Яраслававіч зацвердзіў дар на Альпень нейкаму Зеновію Сямёнавічу Ляшкевічу), у час перапісу 1795 года многія жыхары ваколіцы Альпень былі запісаныя як Zienowowicz Lezko

Дарэчы, дакладна вызначыць, у якім годзе і пры якіх абставінах прозвішча Ляшкевіч упершыню злучылася з прозвішчам ЗЯНОВІЧ, цяжка. Прычым, гэтае злучэнне адбылося, хутчэй за ўсё, ужо тады, калі ЗЯНОВІЧ мела уласны прыдомак -АЛЬПЕНСКІ. У сваю чаргу ўтварэнне прозвішча ЗЯНОВІЧ настолькі ж відавочнае, як і прозвішча Ляшкевіч. Як сцвярджае Мікалай Бірыла, яно пайшло ад мужчынскага імя Зянон. Некаторы час у дакументах разам з імем сустракаюцца такія варыянты як ЗЯНОВАВІЧ і ЗЯНОНАВІЧ, што вельмі нагадвае сучаснае імя па бацьку. Відавочна, на той момант гэта сапраўды было яшчэ не прозвішча ў сучасным разуменні, а частка імя, якая ўказвала калі не на бацьку, то на дзеда або родапачынальніка. Характэрна, што прозвішча Зяновіч у той мясцовасці, якую мы даследуем, звычайна ўзгадвалася з прыдомкам -АЛЬПІНСКІ. Злучэнне ЗЯНОВІЧ-АЛЬПІНСКІ ўжо сустракаецца ў 1479 годзе, калі княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, падаравала Альпень нейкаму Зяновічу-Альпінскаму. Хто ведае, магчыма ў гэты момант, якраз княгіня Ганна і наракла кагосьці з Зяновічаў альпенскім, каб яго можна было адрозніваць ад іншых Зяновічаў.

Сапраўды, можна дастаткова ўпэўнена казаць пра гісторыю ўзнікнення трэцяй часткі прозвішча. Улічваючы тое, што антрапанімічныя працэсы ў 16-18 стагоддзях адбываліся вельмі актыўна, такое прозвішча як Зяновіч, магло з'явіцца ў некалькіх месцах незалежна адно ад другога. Напрыклад, у беларускай гісторыі дастаткова вядомы род Зяновічаў-Дэшпатаў. Дык вось для таго, каб падкрэсліць ідэнтычнасць і ўнікальнасць роду, Зяновічы з Альпеня далучылі да свайго прозвішча вызначэнне Альпенскі, што непасрэдна ўказвала на іх геаграфічную і, верагодна, маёмасную прыналежнасць, радавое гняздо — ваколіцу Альпень. Да гэтага часу на тэрыторыі Столінскага раёна сустракаюцца прозвішчы, утвораныя па аналагічнай схеме. Напрыклад, Вярэніч-Стахаўскі (вёска Стахава) ці Наздрын-Платніцкі (вёска Плотніца).

Цікава, што прыдомак -АЛЬПЕНСКІ ў даўнія часы на тэрыторыі Беларусі ў якасці самастойнага прозвішча не выкарыстоўваўся. Ва ўсялякім выпадку, дакументаў, якія б указвалі на гэта, не выяўлена. Але з ім адбыўся іншы казус. Відавочна, з-за суседства з горадам Пінскам літара "Е" была зменена на "І". У выніку атрымалася -АЛЬПІНСКІ. Магло гэта баць памылкай пісараў, якім, зразумела, куды больш вядомы быў Пінск, чым маленькая ваколіца Альпень, ці наўмысным скажэннем самымі носьбітамі прозвішча дзеля надання роду большай вагі, зараз казаць цяжка. Прыходзіцца толькі канстатаваць, што варыянт, які, на мой погляд, з'яўляецца недакладным, — ЗЯНОВІЧ-АЛЬПІНСКІ — атрымаў найбольшае распаўсюджанне. (Па гэтай прычыне дамовімся ў залежнасці ад кантэксту выкарыстоўваць на гэтай старонцы абодва варыянты.)

А вось ЛЯШКЕВІЧ і ЗЯНОВІЧ-АЛЬПЕНСКІ сталі адным прозвішчам, відавочна, у выніку шлюбу іх уладальнікаў. І адзін, і другі роды паходзілі са шляхты, гонар і незалежнасць якой годныя пяра пісьменніка. І не дзіўна, што ніводзін з бакоў пасля заключэння шлюбу не пажадаў развітвацца са сваім прозвішчам, што ў рэшце рэшт і дало пачатак трэцяму — трайному. Калі гэта адбылося, гісторыя, напэўна, ведае, але не расказвае. Дарэчы, трэба заўважыць, што ў Альпені і навакольных вёсках існавала паралельнае напісанне: як ЗЯНОВІЧ-ЛЯШКЕВІЧ-АЛЬПЕНСКІ, так і ЛЯШКЕВІЧ-ЗЯНОВІЧ-АЛЬПЕНСКІ.

Сёння самастойнае прозвішча АЛЬПІНСКІ (OLPINSKI) можна сустрэць толькі ў Амерыцы. Магчыма, нашчадкі некалі iміграваўшых за акіян Ляшкевічаў-Зяновічаў-Альпенскіх пакінулі сабе толькі частку даволі доўгага прозвішча, якое ім дасталася ў спадчыну ад продкаў. Але, магчыма, гэтаму ёсць і іншае тлумачэнне. Справа ў тым, што сённяшняе англамоўнае OLPINSKI насамрэч можа быць і польскім прозвішчам OŁPIŃSKI, якое па-беларуску чытаецца як ОЛПІНЬСКІ. І гэта ўжо зусім іншы род, які паходзіць з Малапольшчы — вёска Олпіны (OŁPINY) непадалёку ад мястэчка БЕЧ (BIECZ). Падрабязней пра паходжанне прозвішча ОЛПІНСКІ глядзі тут.

На жаль, сёння сустрэць чалавека з прозвішчам Ляшкевіч-Зяновіч-Альпенскі ці з яго варыянтам практычна немагчыма. У вёсцы Альпень засталося некалькі жыхароў, у якіх у пашпартах запісана прозвішча Зяновіч-Ляшкевіч-Альпінскі, яшчэ у некаторых запісана Зяновіч-Ляшкевіч. Нашмат больш носьбітаў поўнага прозвішча жыве за мяжой, асабліва ў Польшчы. Губляць прыдомкі нашы продкі сталі яшчэ некалькі стагоддзяў назад, калі не змаглі пацвердзіць сваё шляхецкае званне і правы на такое прозвішча. Асабліва драматычным перыядам для ўсяе беларускай шляхты сталі дзесяцігоддзі пасля паўстанняў пачатку і сярэдзіны 19 стагоддзя. Улады Расіі пасля паўстанняў правялі так званы разбор беларускай і польскай шляхты, і тыя, хто не здолеў прадаставіць арыгіналы прывілеяў, былі пераведзены ў аднадворцы, пазбавіўшыся адначасова і трайнога прозвішча. Другі этап жорскай барацьбы прыпаў на часы савецкай улады. Людзі самастойна адмаўляліся ад незвычайнага прозвішча, якое выдавала ў іх дваранскае паходжанне, знішчалі дакументы, каб не быць рэпрэсіраванымі, не трапіць у няміласць да дзяржавы.

Дарэчы, міграцыя сыграла злы жарт з нашым прозвішчам. У кожнай краіне яго спрабавалі і спрабуюць перапісаць у адпаведнасці з правіламі мясцовай мовы ці вымаўлення. Давайце паглядзім, што з гэтага атрымалася.

Паколькі нашы продкі па геапалітычных прычынах жылі ў польскай або ў рускай дзяржаве і карысталіся адпаведна польскай або рускай мовамі, то першапачаткова склаліся два варыянты напісання прозвішча: LESZKIEWICZ — па-польску і ЛЕШКЕВИЧ — па-руску. Мігрыруючы за акіян, выхадцы з Польшчы захавалі і на новым месцы ранейшае напісанне прозвішча: LESZKIEWICZ. У немалой ступені гэтаму спрыяла выкарыстанне лацінскага шрыфту. А вось тыя, хто прыязджаў з Расійскай імперыі ці з СССР, дзе выкарыстоўвалася кірыліца, звычайна рабілі просты пераклад і запісвалі сябе ў адпаведнасці з патрабаваннямі сучаснай англійскай мовы. У выніку атрымалася LESHKEVICH.

Акрамя таго, трэба ўлічваць, што нярэдка прозвішча запісвалася ўвогуле з памылкамі. Напрыклад, я атрымаў электроннае пісьмо ад жанчыны, якая жыве ў ЗША. Яна мае прозвішча LEOSZKIEWICZ, і, паводле яе аповяду, яе продкі былі з вёскі Альпень. Тым часам у Альпені дакладна ніколі не было людзей з прозвішчам Леошкевіч. Такім чынам атрымліваецца, што яе сённяшняе прозвішча — гэта вынік недарэчнай памылкі чыноўніка з аддзела па натуралізацыі, які ў пазамінулым стагоддзі проста дрэнна пачуў тое, што яму сказалі мігранты з Еўропы, ці няўважліва паглядзеў іх паперы.

Пакуль мы вялі размову толькі пра рускую, польскую ды англійскую мовы. Пяройдзем да беларускай, якая дае нам яшчэ адзін варыянт і тым самым істотна ўскладняе генеалагічнае даследаванне, уносячы непатрэбную блытаніну. У адпаведнасці з правіламі беларускай мовы, якія патрабуюць нават у запазычаных словах змяніць у першым складзе перад націскам літару "Е" на "Я", мы атрымліваем беларускамоўны варыянт ЛЯШКЕВІЧ прозвішча, якое, як мы згадалі, па-руску пішацца ЛЕШКЕВИЧ. Ды вось бяда — разам з тым існуе прозвішча, якое па-руску пішацца таксама ЛЯШКЕВИЧ, а па-польску LASZKIEWICZ. Гэта таксама шляхецкі род, даволі распаўсюджаны ў Беларусі, які мае ўласны герб. Але гэта зусім іншы род, нягледзясы на тое, што у беларускамоўным напісанні мы маем абсалютна аднолькавыя прозвішчы.Пашпарт Адама Зяновiча-Ляшкевіча-АльпенскагаПашпарт Адама Зяновiча-Ляшкевіча-Альпенскага

А паспрабуем перакласці наша прозвішча з беларускай мовы на сучасную англійскую. Атрымаем яшчэ адзін варыянт, даволі незвычайны — LIASHKEVICH. Менавіта такі англамоўны варыянт запісаны ў сучасных беларусикх пашпартах. Гэта часта ставіць у тупік маіх замежных сяброў, якія з цяжкасцю разумеюць, як LESZKIEWICZ мог стаць LIASHKEVICH-ам.

У заключэнне некалькі слоў пра варыянты прозвішча, якія далі іншыя мовы: нямецкая — LESCHKEWITSCH і LESCHKEWITZ, літоўская — LEŠKEVIČINE, LEŠKEVIČIUS і LEŠKEVIČ.

На жаль, спіс варыянтаў можна толькі працягваць. Вось такія наступствы ад намеру людзей пабудаваць вавілонскую вежу... :-)

НА ГАЛОЎНУЮ

Copyright© 2004-2013, Юрась ЛЯШКЕВІЧ.   Напісаць аўтару