Мачуль — Мочуль — Moczul
Вёска ў Столінскім раёне, у складзе Рамельскага сельсавета. Вядомая з 1514 года.
У 1795 годзе тут мелі землі роды Гараглядаў, Зяновічаў-Ляшкевічаў-Альпенскіх, Каморніцкіх, Коравых, Наркускіх, Рамультаў. Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы налічвалася 58 двароў і 329 жыхароў.
У 1909 годзе ў Мачулі было 70 двароў і 470 жыхароў. Падчас далучэння да Польшчы па стану на 30.09.1921 года зафіксавана 81 гаспадарка з 504 жыхарамі. А напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны — 95 двароў і 320 жыхароў. Гітлераўцы ў ліпені 1944 года, адступаючы, спалілі 85 хат і забілі 5 чалавек.
У 1970 годзе ў Мачулі было 926 вяскоўцаў, у 1980-м — 780. Па стану на пачатак 2002 года зарэгістравана толькі 619 жыхароў і 226 хат.
У вёсцы дзейнічаюць базавая школа, магазін, ФАП, клуб, бібліятэка.
Некаторыя звесткі па гісторыі тых родаў, якія насяляюць вёску Мачуль сабраў і захаваў Ілля Іванавіч Сядляр, мясцовы жыхар 1914 года нараджэння. Закончыў 2 класы польскай школы і 7 класаў вячэрняй ПСШ. Працаваў рахункаводам у калгасе, цікавіўся сваяцкімі сувязямі жыхароў вёскі, гісторыяй паходжання розных родаў. Пакінуў некалькі сшыткаў з запісамі па гісторыіі вёскі і генеалогіі, у якіх адсачыў гісторыю асобных сем'яў з моманту іх з'яўлення ў Мачулі.
|