Рамель — Ремель — Remiel
Вёска ў Столінскім раёне. Цэнтр сельсавета і сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Беларуская ніва", былога калгаса "Запаветы Ільіча".
У летапісных крыніцах Рамель вядомы з 1452 года. У канцы ХVIII стагоддзя землямі у вёсцы валодалі Гарагляды, Рамульты, Траскоўскія, Шпігановічы...
У 1886 годзе налічвалася 22 двары і 260 жыхароў. Паводле перапісу 1897 года ўжо было 100 двароў і 607 насельнікаў. У пачатку ХХ стагоддзя колькасць дамоў дасягнула 127, а жыхароў — 801.
Да верасня 1939 года Рамель знаходзіўся на тэрыторыі Польшчы (Хорская гміна Лунінецкага павета Палескага ваяводства). Па стану на 30.09.1921 года ў вёсцы налічвалася 117 двароў і 656 жыхароў, а ў 1939-м — 151 двор і 1145 жыхароў. У кастрычніку 1940-га тут арганізаваны сельсавет.
Па стану на 1980 год было зарэгістравана 1298 жыхароў. На пачатак 2000 года пражывалі 1158 насельнікаў, у 2001-м ужо налічвалася 1179 чалавек і 404 сядзібы. У 2004 годзе зарэгістраваны 1183 жыхары, прычым у 2003 годзе нарадзілася 20 дзяцей.
У вёсцы маецца архітэктурны помнік — царква Святога Міхайлы, пабудаваная ў 1762 годзе. У пачатку ХІХ стагоддзя да яе прыбудавана трохярусная званіца. Непадалёку ад вёскі выяўлены могільнік зарубінецкай культуры.
|