Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі


Пакуль мы думалі кожны пра сваё, Гумарыха-Ліпская першай ачнулася, загадала на развітанне загадку:

— Адгадай, дзіцятка, хто ета: мудры мудрэц не поле арэць, а белы хлеб жарэць?

— Такіх цяпер багата: і ў вашым калгасе, і ў раёне, і ў Мінску...

— А даўней гэта быў пісар, — пырснула ад смеху Паліна Цімафееўна, задаволеная, што абставіла мяне.

Ішоў шукаць новага рубельскага Цюхая, прыгадваў дзвюх сясцёр Ліпскіх з Ольпені. Яны хваліліся, што бацька і дзед мелі зямлю ў Рублі. А яшчэ хваліліся, што кожнае лета багата цялушак трымаюць:

— Пабацце колькі!.. Палічыце!..

Не хацелася радавацца такому багаццю, бо ведаў думку іх суседа:

— Гэтым дзеўкам ужо па семдзесят, а розуму не нажылі. Пасуць етых цялушак ўсё лета, мучаюцца, а зімой іх худоба з голаду дохне. А не прадаюць... Мурзатыя ўсё жыццё, як тыя цялушкі... Купілі веласіпед, павесілі ў сенцах — не ездзяць, шкадуюць. Скажы ім: «Дзеўкі, вы няправільна робіце», а яны адбрыюць: «Ты сам не ўмееш жыць...» О якія рубельскія дваранкі жывуць у Ольпені...

Гэта пра такіх, відаць, прыдумаў народ песню:

Кароўка мычэ — вясну кліча,
Волік бушуе — вясну чуе,
Курка кудахча — есці хоча,
Дзеўка плача — замуж хоча...

Адплакалі сваё незамужнія Цюхаіхі. Цяпер злуюцца на ўвесь белы свет: няма каму перадаць хату, цялушак, веласіпед...

У Івана Антонава Цюхая-Ліпскага нібыта хапае спадчыннікаў, а застаў яго са слязамі на вачах.

Ен ляжаў у сынавай хаце і... паміраў. Твар нельга было адрозніць ад белай падушкі. Ні крывінкі. Толькі зрэдку пашавельваліся пасінелыя стужкі губ.

Іван Антонаў давёў, што іх род Цюхаёў доўжыцца ад дзеда Андрэя і прадзеда Паўла. Гэта пацвердзіла і архіўная карта. Я паказаў яе паміраючаму Івану, ён слаба ўсміхнуўся:

— О, колькі нашых...

I вельмі быў рады, што род іхні пачаўся з Івана, і ён, Іван, прыстойна пражыў на свеце. Любіў зямлю і жонку Веру, глядзеў, каб дзеці не былі галодныя. А іх у яго чацвёра — Віктар, Андрэй, Пётр, Соня.

Перасохлыя губы Івана зашавяліліся, і зноў пачуў прыглушаны, асіплы голас апошняга сведкі з восьмага калена Цюхаёў. Ён прыгадваў, як яму здавалася, самае памятнае ў яго жыцці:

— У Рублі пажар быў у трыццаць другім годзе... Перад тым вада вялікая стаяла. А восенню мы пагарэлі... Буран узяўся. За рэчку агонь перанёс... Трыста хат згарэла. Млын драўляны згарэў... Бульбу капалі ў полі. Прыехалі, а хат нашых няма...

Іван Антонавіч стаміўся гаварыць. Ляжаў, пазіраў у столь. Якія думкі роіліся ў галаве? Можа, думаў пра тое, пра што, сабраўшыся з сіламі, сказаў мне на развітанне:

— Вера, мая жонка, ужо месяц, як умёрла. Ёй добра, яна ў Божым доме. Я збіраюся да яе...

Іван Антонавіч заплакаў. Нявестка Таня паднесла вады. Прыгубіў. Крыху супакоіўся. На хваравіты твар, як сонечны зайчык, ускочыла іскрынка радасці:

— От, дзякуй, што зайшлі да мяне... Сын мой Пеця таксама жыве ў Мінску. Машыну мае, а не збярэцца прыехаць. Пісьмы не піша. Калі ўбачыце, скажыце: «Бацька вельмі слабы...»

Адшукаў Пятра Іванавіча Ліпскага ў Мінску, на вуліцы Нямізе. Жыве амаль што ў цэнтры горада. Мае сыноў Сяргея і Руслана. А жонка Наталля — унучка дзеда Талаша, якога ўславіў у літаратуры і ў жыцці народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас, працуе памочнікам пракурора ў адным са сталічных раёнаў.

Расказаў мінскім Ліпскім пра сваё наведанне вёскі Рубель, пра размову з хворым бацькам. Перадаў яго просьбу-скаргу.

Кінуліся маладыя ў дарогу, на Століншчыну. Ды паспелі толькі на пахаванне Івана Антонава Цюхая-Ліпскага. Як тут не крыкнуць:

— Людзі!.. Спяшайцеся ўбачыць жывымі сваіх бацькоў!.. Не спазніцеся распытаць іх, нагаварыцца з імі!.. Людзі!.. Не абрывайце зажыва карані!.. Ці будзе без іх дрэва — зялёным?..


Уладзімір ЛІПСКІ. 1998 год.


НА ГАЛОЎНУЮ