Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
ЛІНІЯ РЫГОРА. Яна самая кароткая. Абрываецца на шостым калене. Чаму?
Па нейкай прычыне Рыгор Іваноў 8 верасня 1736 года прадаў сваю частку нерухомага маёнтка ў Ольпені братам Аляксандру, Паўлу і Фёдару. А купіў сабе маёнтак у ваколіцы Грыўкавічы ў Андрэя Гарагляда. Мо гэта звязана з жаніцьбай? Як кажуць, жонка перацягнула ў сваё гняздо. Мо з братамі не ўжыўся?
У Рыгора было чатыры сыны — Стэфан, Карп, Рыгор, Лявон.
Стэфан і Лявон пражылі нежанатымі. I на схіле гадоў перадалі сваю, долю маёнтка, ацэненага ў 3 тысячы злотых, братам Карпу і Рыгору.
Рыгор памёр рана, у сорак гадоў. Пакінуў у Грыўкавічах малалетніх сірот: Андрая — пяці год, Восіпа — двух гадкоў. Яны не займелі патомства.
У Карпа нарадзіліся тры сыны: Фёдар, Марцін, Міхаіл. Апошні прадаў сваю частку маёнтка Цюхаёўшчызна ў Ольпені за 6800 злотых Льву Загурскаму. Гэта адбылося 13 сакавіка 1794 года. Міхаілу ішоў тады трыццаты год. I сляды яго губляюцца. Можа, разам са сваімі злотымі ён прыйшоў на падмогу паўстанцам, якіх праз месяц узначаліў Тадэвуш Касцюшка?
Фёдар і Марцін, сыны Карпа, жылі ў Грыўкавічах. У дакументах Пінскага павятовага суда ёсць купчая, «учиненная» 18 красавіка 1802 года, па якой браты займелі нерухомы маёнтак у Міхаіла Багаткі, у ваколіцы Грыўкавічы.
Фёдар і Марцін прадоўжылі лінію Рыгора яшчэ на два калены. У іх былі сыны — два Іваны, Андрэй і Сцяпан, а таксама чатыры ўнукі — Іван, Якаў, Андрэй, Іосіф. Яны хрышчоныя ў Вуйвіцкай царкве Пінскага павета свяшчэннікам Стэфанам Кіркевічам.
I апошняя звестка пра гэту лінію. Пінскі прадвадзіцель дваранства Скірмунт выдаў 7 снежня 1834 года пасведчанне ўладальніку зямлі ў ваколіцы Грыўкавічы Марціну Карпаву, унуку Рыгора, што ён, Цюхай, яго сыны Андрэй і Стэфан, унук Якаў Андрэеў і братанічы два Іваны Фёдаравы змешчаны ў дваранскіх спісах 2-га разраду пад № 509.
Грыўкавічы на 1909 год лічыліся ваколіцай, якая ўваходзіла ў Пінскі павет, у Лемяшэвіцкую воласць. Да Пінска — 44 вярсты, да Мінска — 349. Двароў дванаццаць, жыхароў 69. Адгукніцеся, родзічы Рыгора Іванава Цюхая-Ліпскага!
ЛІНІЯ ФЁДАРА. У ёй сорак тры мужчынскія постаці. Сам Фёдар, відаць, быў любімым сынам у бацькоў, бо менавіта яму маці-ўдава Матруна Машляк перадала свой маёнтак у Любры.
Федар жаніўся на Ганне Бачкоўскай, у якой быў свой маёнтак Лыскі з сялянамі ў Браслаўскім павеце. Да спадчыннага маёнтка яны тое-сёе яшчэ прыкупілі. Так што іх сыны Васіль і Іван мелі надзейны падмурак у жыцці: багатыя маёнткі і дзве валокі (зямельная мера і адзінка абкладання павіннасцямі ў Вялікім княстве Літоўскім, існавала з XVI стагоддзя. Яе памер — 21,36 гектара) зямлі ў ваколіцы Ольпень.
У жыцці ольпенцаў Васіля і Івана нічога істотнага не адбылося. Хіба што была валтузня з дакументамі на валоданне нерухомым маёнткам, якія згарэлі пры пажары ў ваколіцы Любра ў 1797 годзе. А ў час «нашествия неприятельских французских войск» у 1812 годзе згарэла і актавая кніга Браслаўскага гродскага суда. Меліся цяжкасці з пераафармленнем спадчыннага па маці маёнтка.
Вялі хлопцы гаспадарку, трымаліся сваіх сем'яў. Ды як у пінскай прымаўцы сказана: «Круці не круці, а трэба ўмерці».
Смерць раўняе ўсіх. I толькі два скарбы ўзвышаюць чалавека над вечнасцю: памяць і дзеці. Якая памяць застаецца, залежыць ад самога чалавека: як жыў, што рабіў? А дзеці — найгалоўнейшая спадчына. I можна толькі дзівавацца з людзей, якія не хочуць дзяцей, якія злачынна крыўдзяць іх і нават забіваюць.
Васіль і Іван Фёдаравы мелі ў Ольпені ўсё: маёнткі, грошы, зямлю, жонак, сяброў. А прадоўжылі іх жыццё сыны: у Васіля — Іван і Самуіл, у Івана — Фёдар.
Архівы сведчаць, што Іван і Самуіл 3 жніўня 1792 года «переуступили» маёнтак Лыскі на Браслаўшчыне сваёй сястры Ганне Ліпскай, у замужжы — Савіцкай. Як бачым, спадчынныя гены Цюхаёў перакінуты з Піншчыны ў край азёраў. Яны перайшлі ў іншыя сем’і. Дык мо не лозунг, а жыццёвая праўда ў тым, што на Зямлі ўсе людзі — браты і сёстры. Як у Божай Бібліі!
Пра Самуіла «вывудзіў» у архівах, што жонка ў яго была Люба, а ў 1835 годзе ён ужо жыў бабылём і было яму 78 гадоў. Выходзіць, нарадзіўся ён у 1757 годзе.
Фёдар Іванаў таксама дажываў удаўцом. Яго маладзенькая Пелагея, Палашка-мурашка, падарыла яму чатырох сыноў — Антона (нараджэння 12 лютага 1798 года), Апанаса (нараджэння 5 ліпеня 1803 года), Івана (нараджэння 11 студзеня 1806 года), Андрэя (нараджэння 27 лістапада 1812 года).
Даруй, чытач, што стамляю такой дакладнасцю пра невядомых табе асоб. Якая, урэшце, розніца, хто калі нарадзіўся. Але ж радасць у іншым. Зірні, як даўно жылі тыя Цюхаі. А метрыкі іх захаваліся. I праз столькі гадоў мы варушым памёрлых у сваёй памяці. Такое ўражанне, што яны ажываюць і вось-вось загавораць, раскажуць пра сваю эпоху, пра што думалі, клапаціліся.
Антон, можа, адкрые сакрэт, як адшукаў жонку Таццяну і як нажыў з ёй дзетак: Тэадора, Ілью, Мар'ю, Таню?
Дваранін Апанас не пашкадуе слоў пра сваю жонку Праскоўю, сына Пятра і дачку Маню. Ды, можа, падахвоціцца расказаць, якой была Ольпень на пачатку дзевятнаццатага стагоддзя. I адкрые тайну, чаму ён так рана, у трыццаць два гады, адышоў у вечнасць? Што здарылася: хвароба, вайна, няшчасны выпадак, рэўнасць?
Дык вось як можна раскадзіраваць скупыя архіўныя звесткі. Галоўнае, чытач, каб у цябе з'явіўся нясцерпны душэўны зуд — адшукаць імя свайго прапрародзіча і даведацца, калі ён нарадзіўся. Тады ярчэй засвеціцца вясёлка над тваім асабістым Я.