Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
Вяскоўцы разбіліся на купкі па інтарэсах, вялі няспешную гамонку. Здавалася, гаварылі абы пра што, а мне хацелася ўсё пачуць і запомніць, бо то баялі нашчадкі пінскай шляхты. Сярод іх адшукаў дзевятнаццаць Цюхаёў-Ліпскіх. Кожны, не будзем удакладняць хто, сказаў нешта сваё, атрымалася калектыўная споведзь:
— Ольпень, сынок, то ест друга Варшава!
— Цяперачка тут мала Ліпскіх. Старынныя толькі засталіся. Маладыя паўязжалі...
— Нашы ольпенцы ёсцека ўсюды: у Польшчы, Амерыцы, Канадзе, Аўстраліі...
— Даўней у Пінск пешака хадзілі — сто кіламетраў. Быў адзін дзед: занясе ў Пінск скаргу, дай вечарам дамоў...
— Говорылі, шо Ліпскія, етыя Цюхаі, ці не дворане былі, о! Нейкі князь даў ім зямлю. Заслужаныя людзі!..
— У Ольпені раней культура была, а цяпера — цяп-ляп. Зараз і мужыкі тут насяліліся. А раней шляхта была такая: «Проша не дотыкаць пальцам!..»
— Шляхта ніколі не танцавала мужыцкіх танцаў. У нас свае — полечка, танго, падыспан. Хлопец у канцы танца пераверне, у ручку чмокне, правядзе на месца. О!..
— Воспітанне пошло другое. Даўней нельга дзяўчыне одной ісці на танцы. Сорам! Карова раз затрымалася ў полі, пакуль загнала яе ў хлеў — танцы пачаліся. О, ё-ёй, як зойці одной — позор! Брата ўпрасіла, завёў...
— Бабка мая була така пявуння, што ад баршчыны вызвалялі...
— А мой дзед як заспявае, дак лямпа тухла.
— Тады так не ўпіваліся, як цяпер. Румочку пацэлуе, паставіць. Адной пляшкай можна госці справіць. Цяпер не наносішся на стол...
— Няхай цар прыедзе, я прыму яго, бо ведаю, дзе відэлец пакласці, дзе нож. У нас кніжкі былі па культуры. Калі не так робіш — білі па руках, губах. Нельга!
— Дзе ты ўзяла мужыцкае слова «нельга»? Трэба казаць «нельзя»...
— Паноў у нас не было — адна шляхта. Перад настаўнікам на калені падалі. Цяпер — фшыстка една...
— Мой бацька браў Зімні палац, а як вярнуўся дамоў, дак яго сталі браць, бо багач — дванаццаць кароў. Так бы і «сасваталі» на Салаўкі, каб не вайна. Бацькаву песню помню:
Закіпела ў моры пена —
Будзе перамена!
Братцы, перамена!..
Гэта сказаў Анатоль Васільевіч Цюхай-Ліпскі. Па клічцы — Херык. Сярэдняга росту, каранасты, бялявы, з агністай рыжынкай. Добры з вачэй. Да бляску паголены. Акуратна, у чыстае апрануты. Шляхцюк!
— Пасколька знаю, бацька служыў на флоце дзевяць гадоў. Дайжа расказваў: толькі ісці дамоў, а тут вайна з немцам. А тады — рэвалюцыя... От ён і спяваў нам дома:
Мачты в’юцца,
А ў матросаў слёзы л’юцца,
Братцы, перамена!..
Расказвае Херык ды час ад часу голас сцішвае:
— Жылі мы на дзедавым хутары. А ў яго было некалі сто пяцьдзесят гектараў зямлі, два надзелы лесу. Багач! А мы ўжо пакаціліся ўніз. У калгас усё абагулілі: зямлю, коней, плуг, лапату, курэй... Дак цяпер ні ў калгасе, ні ў людзей. Пуста і гола, о як выйшла... У нас усё сваё было: мэбля, інструменты, шытво, яда. Казалі: «Пойдзеш да шляхты, там хоць наясіся ды розуму набярэшся».
— А ў мужыкоў чаму можна было навучыцца?
— Калі бязбожны, то мужык. У іх мова свая, з мацюкамі. П’юць без меры. У двары і ў хаце — брудна. Гультаяватыя яны. Жаніцца з імі — пазор...
— Чаму ў вас цяпер не двайное прозвішча?
— Хэ, па пашпарту я — Цюхай-Ліпскі. А прыстаўку ў арміі згубіў. Не запісаўся Цюхаём, бо вельма ж насміхаліся. I ў калгасных дакументах — Ліпскі. Дак як ішоў на пенсію, у сабесе не хацелі афармляць. Ты, кажуць, Цюхай, а грошы хочаш атрымліваць як Ліпскі. Во як было...
Анатоль Васільёвіч з лініі Аляксандра. Ён — з дзевятага калена. Пра бацьку Васіля ведае. Жыў з ім, пахаваў на Ольпенскіх могілках. Назваў дзеда Ілью. Вось усё яго пазнанне пра род.
— А чаму на надмагільнай пліце па бацьку высечана, што ён нарадзіўся ў 1884 годзе, няма даты?
— Я ж, мамачка, ня помню, а бацька перад смерцю сам забыўся, калі нарадзіўся. Яму ішоў ужо дзевяты дзесятак. Галава схаліла. Ён і памёр...
Адшукаў у сваіх архіўных звестках, што Херыкаў бацька Васіль нарадзіўся 13 красавіка 1887 года ў Ольпені. Дзед яго Ілья нарадзіўся 20 ліпеня 1848 года. У яго была жонка Марыя Вікенцьева. Дамогся сабе дваранскага звання ў дваццаць шэсць гадоў. Пісаў пісьмо цару, каб далучыць да гэтага звання сваіх сьшоў — Васіля і Адама, Херыкавага бацьку і дзядзьку.
Калі я сказаў Анатолю Васільевічу, што яго прадзед Іван нарадзіўся 10 верасга 1826 года, хрышчоны ў Ольпенскай царкве пад № 12, а хрысціў яго Стэфан Данькевіч, ён ад узрушанасці аж падскочыў:
— Розныя дзівы, мамачка, сустракаў, а такога яшчэ не даводзілася. Пайшлі ў мой маёнтак, жонцы раскажаш, а то не паверыць...
Вось тут і адчуў, што не дарэмна. глытаў архіўны пыл. Ён прыносіць асалоду нашьм бязродным сучаснікам.
За святочным сталом, разам з тостамі і песнямі, удакладнілі, што ў Херыкавым калене жывуць яшчэ два браты. Сяргей з жонкай Сцепанідай у Ольпені, а старэйшы Васіль — у Аўстраліі.
— Ва врэмя вайны, — растлумачыў Анатоль Васільевіч, — наш Васіль служыў у Польскай арміі капралам. У плен да немцаў трапіў. Адтуль не вярнуўся дамоў, пабаяўся, што сашлюць далёка. Сам з'ехаў у Аўстралію...
Удакладнілі дзесятае калена Цюхаёў па лініі Аляксандра. У Васіля, які жыве ў аўстралійскім горадзе Адэлаіда, дзяцей няма, хаця тры разы жаніўся. У Херыка — сын Коля, дачка Марына, а ў іх дочкі — Ірына і Сашка. У малодшага з братоў, Сяргея, — сыны Коля, Васіль, дачка Люба. Аказалася, што толькі Сяргей з сынамі можа вывесці род на наступнае калена.
Анатоль Васільевіч задумаўся, хмурынка прабегла па твары, ён кіўнуў у бок сваіх дзяцей Колі і Марыны:
— Няўломкі яшчэ. Старайцеся, каб сыноў займець!..
За гэта і паднялі святочны тост.