Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі


Не магу забыць Любоў Лявонаўну Цюхай-Ліпскую. Ёй 82 гады, а вочы зіхацяць, сэрца — у маладым запале. Калі гаворыць, шчочкі пунсавеюць, умее сабраць губкі ў сарамлівы банцік. Пазней пачуў, як яна спявала, і паверыў: баба Люба — вясновая душа! Пра свой род сказала:

— Фаміліянка я Ліпская і па бацьку, і па мужу. Колісь спявалі:

«Пусці мяне, маці, па воду да броду...» Так во кожны свайго броду й шукае.

Удакладнілі: Любоў Лявонаўна з лініі Аляксандра, як і Херык. Яна з Анатолем Васільевічам у дзевятым калене. У іх адзін прапрародзіч у чацвёртым калене — Андрэй Антонаў, шляхціц ваколіцы Ольпень, жыў у сярэдзіне васемнаццатага стагоддзя. Купляў зямлю ў Івана Жэлігоўскага. 3 жонкай Юстынай заклалі падмурак роду Цюхаёў, якіх я і сустрэў на свяце Успення ў Ольпені.

А Любін бацька Лявон Міхайлаў, дачка не ведала пра гэта, далучаны да дваранскага роду указам № 1806 па дэпартаменце геральдыі ад 30 красавіка 1897 года. Жыў на сваёй зямлі ў Ольпені. У 1909-1910 гадах выбіраўся земскім гласным па Мазырскім павеце.

У той зорны для земскага гласнага з Ольпені Лявона Ліпскага час і нарадзілася ў яго сям’і дачка Люба.

Люба, Лявонава дачка з лініі Аляксандра, выйшла замуж за Фаму з лініі Паўла. Так у дзевятым калене нанава парадніліся Цюхаі. Яна прыйшла з сям’і, у якой былі дзеці Іван, Віктар, Уладзімір, Мікалай, Вера, Надзежда. Трапіла зноў у шматдзетны гурт: Сцяпан, Пётр, Фёдар, Уладзімір, Марыя, Паўліна і яе Фама. Нажылі з мужам дваіх дзяцей — Зыгмунда і Дануту. Ды на сорак пятым годзе яе Фама памёр. А Любоў Лявонаўна ўдавой дажывае свой век. Па святах песні любіць спяваць. I нам падарыла сваю любімую:

Вой, не ідзе мой мілы ка мне,
Пайду я да яго сама...
Без любві я таю, як канфета,
А без яго я вяну, як трава...

Па лініі Паўла сустрэлі Веру Ліпскую, жонку Хведара Францава, ад якіх прадаўжае род іх сын Франц, 1952 года нараджэння. Працуе брыгадзірам на Брэстчыне. А дачка Вольга ўжо «прышчэплена» на іншае дрэва.

Жывая і жонка Іллі — Вера. А Ілья — сын Адама, пляменнік дзядзькі Васіля, бацькі Анатоля-Херыка. Вера таксама тое-сёе ведала пра род Цюхаёў. 3 цікавасцю разглядвала схему свайго радаводу, і здзіўленню яе не было мяжы.

Як да прадказальніка Глобы, падыходзілі да мяне ўсё новыя Цюхаі.

— Браток, а мае хто продкі? — пацікавіўся Васіль Іванаў Цюхай-Ліпскі.

Ён ведаў толькі сваіх братоў, сясцёр і бацькоў. А ў той дзень пабагацеў на дзядзькоў Юльяна, Міхаіла, Васіля, цётак Пелагею і Марыю. Даведаўся, што яго дзед Віктар нарадзіўся 15 ліпеня 1850 года ў 12 гадзін дня, хрышчоны 18 ліпеня ў Давыд-Гарадоцкім касцёле святаром Якавам Гарбацэвічам. Хрысцілі дзеда Канстанцін і Фаўстына Гарбацэвічы, у прысутнасці Івана Ляшкевіча і Кацярыны Ліпскай. А жонка яго Аляксандра Іванава была праваслаўная. Прадзед у Васіля — Фама (Тамаш), нарадзіўся ў 1816 годзе, 9 верасня, першы раз жанаты на дваранцы Ганне Ранчынскай, другі — на Міхаліне Васільевай. Хадайнічаў аб дваранскім званні для сваіх сыноў Івана, Фёдара і Віктара праз губернскага сакратара Канапліцкага, які жыў у Мінску, у доме графа Чапскага. Прапрадзед Васілёў Іван нарадзіўся зімою, 12 лютага 1798 года. Меў землі ў Ольпені і Рублі. Прапрадзеда Івана нарадзілі Рыгор і Хвея, ад якіх і загарэлася нашумеўшая справа аб пераводзе Цюхаёў-Ліпскіх з католікаў у праваслаўныя, якія натхнілі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча напісаць «Пінскую шляхту».

Ад такой інфармацыі Васіль Іванавіч быў прыемна ашаломлены:

— Няўжо?! Адкуль такія звесткі?! За іх можна карову прапіць...

Па абедзе людзі пачалі разыходзіцца з царквы. Пачаўся святок у кожнай ольпенскай хаце. Весела прыгадвалі мінулае, ахвотна спявалі даўнейшыя песні. Сталы ўгіналіся ад сушанай і заліўной рыбы, сыроў і вяндліны, яблыкаў і мёду. Як кажуць, і я там быў, мёд, віно піў, па барадзе цякло і ў рот перапала. А найбольш — у блакнот. Папоўнілася мая энцыклапедыя пра цюхаёўскіх нашчадкаў.


НА ГАЛОЎНУЮ