Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі


СПРЭЧКІ 3 РАДЗІВІЛАМ

Іван Цюхай-Ліпскі і ёсць тое Я, ядро ў ольпенскім радаводзе. Але звесткі пра яго больш чым сціплыя. Бацьку Паўлам звалі, ён — Іван, Ян. Імёны хрысціянскія, беларускія. Дый прозвішча не складанае — Ліпскі. Пасяліўся чалавек каля ліпы, вось і празвалі Ліпскім. А гэта дрэва ў людзей у вялікай пашане. Тураўцы нават прымаўку склалі: «Хоць вусокі, ліж бы добры, як ліпа».

3 ліпавага лісця пяклі коржыкі. 3 драўніны робяць музычныя інструменты, чарцёжныя дошкі, фанеру, мэблю, пратэзы, лыжкі, шкатулкі, з лубу — вяроўкі, канаты, цыноўкі, з насення — алей. Калода для пчол з ліпы — ліпня. Высушаныя кветкі — лекі. Ліпавы мёд, ліпец, духмяны, адзін з лепшых ласункаў у свеце. 3 аднаго дрэва можна атрымаць да 12 кілаграмаў такога мёду.

Ліпа — даўгавечнае дрэва. Устойлівая да маразоў, вятроў, газаў, дыму, ценевынослівая. Умее змагацца з хваробамі, шкоднікамі. Жыве 300—400 гадоў.

На Беларусі ёсць нават ліпавыя лясы — ліпнякі. Найболыпыя масівы ў Горацкім, Валожынскім, Навагрудскім, Касцюковіцкім, Аршанскім, Асіповіцкім, Віцебскім, Крупскім, Гродзенскім лясгасах.

Нават у цяперашняй геаграфічнай Беларусі ёсць вёскі: Ліпск у Ляхавіцкім раёне, Ліпка ў Клецкім, Ліпнішкі ў Іўеўскім, Ліпава ў Калінкавіцкім, пасёлак Ліпаў у Жлобінскім. У Бялыніцкім раёне працякае рака Ліпаўка, правы прыток Сожа — Ліпа бруіцца у Буда-Кашалёўскім раёне, а ў Сенненскім раёне ёсць возера Ліпна. У Лунінецкім раёне ляжыць Ліпскае балота на 3,5 тысячы гектараў, а ў Старадарожскім раёне — Ліпніцкі бор...

Прозвішча Ліпскі мог набыць чалавек ад свайго гаспадара. Жыў які-небудзь багацей Ліпскі, меў парабкаў, у якіх ні свайго імя, ні свайго прытулку. У пэўны час багацей даў вольную свайму двароваму, адшкадаваў зямлі загон. I ў знак удзячнасці новы зямлянін стаў называць сябе Ліпскім. Так і ўкаранілася, прыжылося прозвішча да новага клана людзей.

Але што за дадатак, прыдомак «Цюхай» да прозвішча вознага Івана Ліпскага?

У архівах знайшоў сведчанне мазырскага павятовага прадвадзіцеля дваранства ад 27 лютага 1870 года за № 69, у якім ён тлумачыць аднаму з ольпенскіх Ліпскіх, якому не ўпісалі ў нейкі дакумент, што ён яшчэ і Цюхай:

«Слова «Цюхай» не азначае другога прозвішча, а толькі перадфамільную назву. У дамашнім быце яно не заўсёды называецца і ў метрыках не заўсёды ўжываецца, як не абавязковае...»

Але мне давялося адчуць па дакументах, што Цюхаі-Ліпскія рэўнасна і беражліва ставіліся да свайго двайнога прозвішча. Падкрэслена ганарыліся: яны паходжання не простага, а шляхецкага.

Дарэчы, у Пінскім павеце складаныя прозвішчы не рэдкасць. На століншчыне жылі Бут-Гусаімы, Бруцкія-Стэмпкоўскія, Бальдвіны-Рамульты, Колбы-Сялецкія, Наздрыны-Плотніцкія...

Не выключаецца і яшчэ адна версія паходжання прозвішча Цюхай-Ліпскі.

Неяк я быў у Варшаве. Прагульваліся з панам Матэвушам Корвін-Шыманоўскім па вуліцах. Ён носіць пярсцёнак з выявай свайго герба, багата чаго ведае пра свой род. I вельмі хацеў дапамагчы мне ў зборы звестак пра Ліпскіх.

У той час я ўжо «вырошчваў» дрэва Цюхаёў. I быў ашаломлены, калі ў адным з кніжных магазінаў адкрыў «Гербоўнік родаў татарскіх у Польшчы», выдадзены ў Вільні ў 1929 годзе. Там на старонцы 420 напісана: «Ліпскі гербу Любіч. Шляхта засцянковая ва ўсходнім Палессі. Продак іхні ардынскі татарын Цюхай атрымаў Ольпень паблізу ад Давыд-Гарадка ў 1560 годзе...» Што ж, былі татары на Піншчыне. Калашмацілі іх там харугвы Вялікага княства Літоўскага. Багата палонных асела на землях беларускіх. Былі і добраахвотнікі. Можа, і «Цюхай», злучаны з «Ліпскім», — сімвал таго, як важна не варагаваць, а жыць у міры?

Але ж не састыкоўваюцца даты. Архівы сведчаць, што князь Яраслававіч даў у 1513 годзе прывілей Івану Цюхаю-Ліпскаму на маёнтках у Ольпені, што ўсю Ольпень падарыў Зяновічу-Ольпенскаму. А віленскі даведнік даводзіць, што нейкі безыменны татарын Цюхай атрымаў Ольпень у 1560 годзе. Веру ўсё-ткі архівам, якія чытаў і перачытваў не адзін год.

Перад тым, як паведаць цікаўным чытачам пра радаводныя галіны Цюхаёў-Ліпскіх, мушу зрабіць дзве невялікія сентэнцыі.

У 1569 годзе князь Мікалай Крыштаф Радзівіл даў заданне свайму чыноўніку Ваўжынцу Кернажыцкаму зрабіць перапіс людзей у яго ўладаннях. Князеў службіст перастараўся: у рэвізскія спісы ўнёс і Цюхаёў-Ліпскіх з ваколіцы Ольпень. Гэта выклікала буру гневу ў родзічаў вознага. Яны пачалі ўсюды пісаць. I дамагліся свайго. На агульным сходзе дваран у Вільні было прынята рашэнне, што Цюхаі-Ліпскія — самастойныя землеўласнікі, ніколі Радзівілам не належалі.

I яшчэ. У «Справе № 53» пра Цюхаёў-Ліпскіх пасля згаданага ўжо прывілею пінскага князя Яраслававіча падшыты духоўны запавет Івана Цюхая-Ліпскага, адрасаваны сваім сынам. Звернем увагу: у князевым прывілеі і ў духоўным запавеце адзін і той жа адрасат — Іван Цюхай-Ліпскі. Але паміж імі — 185 гадоў. У адной са схем, складзенай родзічам, Іван, які даваў запавет сынам, стаіць у падмурку роду, але над ім нехта з геральдыстаў алоўкам паставіў лічбу «4».

Што гэта азначае?

А тое, што возны Іван Паўлаў Цюхай-Ліпскі жыў у Ольпені да сваёй смерці. Пасля яго маёнткам карыстаўся сын альбо нехта з братоў, пасля сынаў сын ці сыны братоў. У знак павагі да роданачальніка нашчадкі ўслаўлялі яго імя ў новых і новых пакаленнях.

I ў 1698 годзе, 20 лістапада, было «учинено» ў Мазырскім гродскім судзе «духовное завещание» Іванам Цюхаём-Ліпскім № 4. Ён «отказывал» — перадаваў родным сынам сваім Аляксандру, Паўлу, Тэадору і Рыгору нерухомы маёнтак Цюхаёўшчызну, які застаўся яму ад бацькі Івана ў ваколіцы Ольпень.

3 гэтага часу і складзена мною схема роду Цюхаёў-Ліпскіх. Можна па-добраму пазайздросціць, якое магутнае радаводнае дрэва ўзрасло ў Ольпені. Што ведаем пра яго?


НА ГАЛОЎНУЮ