Уладзімір ЛІПСКІ. Я. Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод. Урыўкі з кнігі
Гэта складанае і адказнае даручэнне Рыгораў сын Пятро Ліпскі выканаў бліскуча. Можна ўявіць, колькі вечароў ён, вярнуўшыся ў Ольпень, расказваў родзічам пра сваё падарожжа па Беларусі з вайсковым магазейнам. Ён быў для балотнай і глухой Ольпені прышэльцам з іншага свету, носьбітам цікавых звестак. А сам для сябе заставаўся адзінокім, без сямейнага цяпла, не зведаўшы пяшчоты дзяцей. Пра такіх палешукі спявалі:
Ой, горэ, горэ таму нежанатаму,
Як таму гаршочку шчарбатаму:
Кыпыць, кыпыць,
Ды ўсё збягае,
Куды павернецца —
Шчасця нэ мае...
Свой апошні грамадзянскі абавязак Пётр Рыгоравіч выканаў перад раднёй. Гэта яго ўнутраны подзвіг, які прынёс сарака шасці сем'ям Цюхаёў свята, унутраную ўзнёсласць свайго Я.
А справа ў тым, што багата хто з Ліпскіх ужо ў пятым, шостым каленах не маглі даказаць свайго дваранскага паходжання. Перад бюракратычнай сцяной чыноўнікаў яны апускалі рукі. Як сабраць воз патрэбных дакументаў?
Не ў кожнага з іх было срэбра, каб купіць паперу, наняць пісара, натарыуса, паслаць пісьмо. Не кожны з іх меў час, каб ісці ў воласць, ехаць у павет ці губернскі горад. Зямля моцна трымала бедных дваран каля сябе.
За справу ўзяўся Пятро Рыгораў Ліпскі. Сабраў дакументы пра свой род. Пабываў у сарака шасці сем'ях Цюхаёў-Ліпскіх, якія жылі ў Ольпені, Рублі, Вялемічах, Вуйвічах, Грыўкавічах. Аб'ехаў касцёлы і цэрквы, дзе хрысціліся Цюхаі, дзе прасілі ў неба падмогі.
На адзінаццаці старонках гербавай паперы, коштам у адзін рубель срэбрам, Пётр Рыгораў апісаў гісторыю свайго радаводу. Прыгожым почыркам, старанна выводзячы слова за словам, ён складваў летам 1835 года пасланне самому цару:
«Всепресвятлейший Державнейший Великий Государь Император Николай Павлович Самодержец Всероссийский Государъ Всемилостивейший
Просит Минской Губернии Мозырского уезда Дворянин Пётр Григорьев сын Тюхай-Липский, жительствующий в собственном фольварке Ольпени, о нижеследующем
Фамилия наша Тюхаев-Липскнх, употпребляя Герб Любичьъ, зщищалась с давних и непомнящих времен дворянским достоинством, пользуясь всякими соответственными своему званию наградами бывших королей Польских, засчитанных в пользу Отечества. Хотя по разным переменам в свете, служащие к доказательству как преимуществ, так и получаемых награждений, бумаги остались затерянными, однако находящиеся в живых наследники, собрав некоторые документы, представив таковые в Минское дворянское депутатское собрание, которые еще в 1802 году Декабря 23 дня в полном дворянском достоинстве признаны и в родоводную книгу 6-ой части занесены. Посколько согласно Высочайшему Повелению обязаны представить доказательства свои на утвержденые Правительствующего Сената по Герольдии, а из числа признанных в дворянстве некоторые лица потеряли свои свидетельства, другие же прежде оных и после них родившиеся не получили доказательств и оставались невключеннымы в оное решение. Ходатайствуя за них, поясняю следующее...»
Далей аўтар даводзіў вядомыя яму дакументы: прывілеі, купчыя, сведчанні «обывателей», метрыкі, запаветы, выпіскі земскіх судоў, спісы дваран з пэўных вёсак...
Сваё пісьмо Пётр Рыгораў закончыў просьбай:
«Яз явленных доказательств происхождение фамилии нашей Тюхаев-Липских Всеподданейше прошу дабы Высочайшим Вашего Императорского Величества Указом повелено было сие прошение удовлетворить и купно приписать нашу фамилию Тюхаев-Лиских, находящихся ныне в живых, к Минскому дворянскому депутатскому Собранию...»
I Пётр Рыгораў яшчэ раз перапісвае сорак шэсць Ліпскіх, за якіх ён хадайнічае. На пісьме стаіць дата: 28 жніўня 1835 года.
Падобна, што сваё пісьмо Пётр Рыгораў не пасылаў, а сам вазіў у сталіцу. Якраз жа на гэты час прыпадае хадайніцтва мазырскага павятовага прадвадзіцеля дваранства аб выдачы пашпарта двараніну 2-га разраду Пятру Рыгоравічу Ліпскаму на праезд да сталічнага горада Санкт-Пецярбурга.
Прадвадзіцель даводзіць у Мінск:
«Имею честь просить Ваше Превосходительство уведомить Г. Начальника Губернии в благонадежном сего Липского поведении и образа мыслей».
Праз пэўны час усе сорак шэсць Цюхаёў атрымалі пасведчанні, што яны дваране. Толькі ці лягчэй ім ад гэтага стала вырошчваць хлеб — араць, сеяць, касіць? Ці вальней і заможней зажылося? Жыццё як на планеце, так і ў Ольпені прадаўжалася.
Жыццё для Пятра, сына Рыгора, унука Івана, праўнука Паўла, закончылася ў 1844 годае. Ён захварэў і памёр у Мінскім гарадскім лазарэце.
А магутная Паўлава лінія «о непомнящих времен» квітнее на Століншчыне і па сённяшні дзень.