АСАБІСТАЕ

КАБ УПЭЎНЕНА СТАЯЦЬ НА ЗЯМЛІ БАЦЬКОЎСКАЙ

Род... Народ... Гэтыя словы вельмі многа азначаюць для краіны ў цэлым і для кожнага яе грамадзяніна асобна. Народ — гэта рака, якая ўтвараецца з безлічы вялікіх і маленькіх ручаёў. Ад іх колькасці і чысціні вадзіцы залежыць, наколькі моцнай, глыбокай і паўнаводнай будзе рака. I як толькі забруджваюцца крыніцы і танеюць ніткі ручаёў, узнікае пагроза існаванню ракі.

"Чаму, — пытаўся я ў маленстве ў свайго бацькі, — больш за палову людзей нашай вескі носяць аднолькавае прозвішча, але не ўсе мы паміж сабой сваякі?" Спачатку гэта была звычайная дзіцячая цікаўнасць. Тагачасныя тлумачэнні для мяне былі складанымі, а без даходлівага і простага адказу гэтае пытанне турбавала яшчэ больш. Такім чынам, менавіта ў школьныя гады і сфарміравалася ўпершыню цікавасць да роднай гісторыі і, у прыватнасці, да генеалогіі. Прычым яна была непарыўна звязана з пошукам дакументальных звестак пра родную веску Альпень, якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў на паўднёвы захад ад стражытнага Давыд-Гарадка. Як потым высветліцца, веска і род мой звязаны непарушнай сувяззю, якая не аслабла, а, наадварот, яшчэ больш умацавалася за некалькі стагоддзяў.

Мой дзед па бацькавай лініі, Канстанцін Сяменавіч, памёр яшчэ тады, калі я нават літар не ведаў. Зразумела, што ўсе звесткі пра яго, а таксама пра яго бацьку, ці майго прадзеда, я пачуў з вуснаў сваіх родных. На жаль, аповяды гэтыя не ствараюць цэласнай карціны жыцця маіх блізкіх продкаў. Многія акалічнасці застаюцца таямнічымі і зараз. Але "белых плямаў" становіцца ўсе менш пасля чарговага наведвання бібліятэкі ці атрымання звестак з архіва.

Наогул продкі мае паходзілі з ваколічнай шляхты: прыгонных сялян не мелі, але і з вінаватым выглядам перад мясцовым панам Радзівілам не хадзілі. Адносную самастойнасць ім забяспечвала ўласная зямля. 3 пакалення ў пакаленне яны месціліся вельмі кампактна, перадаючы нашчадкам любоў да зямлі, свае звычаі і перакананні. Гэтую традыцыю падтрымаў і прадзед, ажаніўшыся з мясцовай дзяўчынай, і дзед узяў жонку з Давыд-Гарадка, ды і бацька ў пошуках сваёй "палавіны" далей зарэчнага Харомска не пайшоў. Аселы лад жыцця быў характэрнай асаблівасцю не толькі маіх сваякоў, але і ўсяе беларускае шляхты. Толькі асаблівая патрэба накшталт вайсковай службы магла прымусіць пакінуць шляхціца родныя мясціны. Дарэчы, менавіта гэтым тлумачыцца і той факт, што ў 1988 годзе з васьмісот жыхароў вёскі больш за палову аказаліся Ляшкевічамі. Вось такім быў адказ на даўняе "дзіцячае" пытанне.

Відавочна, пачалася гісторыя роду даўно. Як сведчаць дакументы, развівалася яна паралельна са станаўленнем вёскі. 3 вялікай доляй упэўненасці можна нават сцвярджаць, што ўвесь род Ляшкевічаў бярэ пачатак адсюль — з берагоў Гарыні. Яшчэ ў 1515 годзе Фёдар Яраслававіч зацвердзіў Альпень у дар нейкаму Зеновію Сямёнавічу Ляшкевічу і яго сям'і. Хто ведае, магчыма, гэта і ёсць пачынальнік роду. На жаль, пацвердзіць ці абвергнуць гэтую версію пакуль нельга, таму яна і застанецца на ўзроўні версіі.

Яшчэ адзін успамін пра род Ляшкевічаў, якія мелі герб Лескі, прыпадае на 1600 год. Дарэчы, род не меў свайго ўласнага геральдычнага знака, таму на розных прамежках гісторыі карыстаўся некалькімі гербамі. Напрыклад, герб Налонч узгадваецца ў 1669 годзе, калі старыя прывілеі на вёску сям'і Зеновічаў-Ляшкевічаў-Альпенскіх пацвердзіў кароль Міхаіл Корыбут.

З'яўленне двайных ці нават трайных прозвішчаў сярод шляхты не было ў тыя часы рэдкасцю. Нават першы ўспамін пра Альпень звязаны з тым, што ў 1479 годзе вёска была падаравана княгіняй Ганнай нейкаму Зеновічу-Альпенскаму. А праз два стагоддзі, як бачым, Ляшкевічы парадніліся нейкім чынам з Зеновічамі-Альпенскімі. (Магчыма, яшчэ да гэтага тое ж зрабілі Альпенскія, якія мелі герб Равіч. Род узгадваецца ў энцыклапедычных даведніках асобна ў 1697 годзе і адносіцца якраз да вёскі Альпень. — Аўт.) Такім чынам, можна казаць пра з'яўленне асобнага адгалінавання роду Ляшкевічаў з двума прыдомкамі ў прозвішчы. Гэтае адгалінаванне ўзгадвае і Раман Гарашкевіч, польскі даследчык Піншчыны, які ў кнізе "Звычаі земляў пінскіх" піша пра "пана Ляшкевіча герба Налонч, які мае прыдомкі Зеновіч-Альпенскі".

Падобныя пераўтварэнні мелі пад сабой сур'ёзную глебу. Шляхецкі гонар часта станавіўся прычынай таго, што пры заключэнні шлюбу ніводзін з маладых не хацеў развітвацца са сваім прозвішчам, у выніку чаго з'яўляліся прыдомкі. Але з другога боку, шлюбы часта заключаліся дзеля выгоды. Напрыклад, для пашырэння зямельных уладанняў. Такія адгалоскі шматвекавой даўніны частка жыхароў Альпеня адчувае да сённяшняга дня, носячы радавое трайное прозвішча.

Вяртаючыся да больш блізкіх падзей, на іх прыкладзе трэба сказаць пра тэндэнцыю, якая найбольш моцна паўплывала на аслабленне ранейшага сацыяльнага і грамадскага становішча мясцовай шляхты, а значыць пэўным чынам адбілася на ўплывовасці канкрэтных радоў. Напрыклад, мой прадзед у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў меў ва ўласнай гаспадарцы некалькі гектараў зямлі, трымаў даволі моцную гаспадарку. Пра гэта красамоўна кажа тое, што пры двары мелася сама меней трое коней і некалькі кароў. Але нават гэтага ўжо было недастаткова, каб цалкам адчуваць сябе заможным. У сям'і расло трое сыноў і дачка. Прадзед усведамляў, што пройдзе час і кожны з сыноў скажа: давай, бацька, маю долю. Ды і дачцэ на пасаг трэба такую частку адрэзаць, каб потым не сорамна было глядзець у вочы. Таму сыны, маючы кожны па каню, не толькі абраблялі ўласную зямлю, але шмат часу праводзілі на тралёўцы лесу пад заказ радзівілаўскіх купцоў, якія да балотаў не былі прывычныя.

Ох, гэтыя непралазныя палескія балоты! Запаланіўшы ўсё ў ваколіцах Альпеня, яны не дазвапялі пашыраць зямельныя надзелы шляхам высечкі лесу, як гэта рабілася ў іншых месцах. Такім чынам, з кожным пакаленнем вага роду Ляшкевічаў няўхільна зніжалася. 3 ростам насельніцтва вёскі прапарцыянальна змяншаліся ўладанні кожнай асобнай сям'і. У выніку з даволі заможнай шляхты жыхары Альпеня за паўтара—два стагоддзі фактычна апусціліся да ўзроўню сялян.

Калі ажаніўся дзед, зямельнага надзелу, які дастаўся яму ад бацькі, нават разам з некалькімі дзесяцінамі, якія атрымала ў пасаг бабуля, не хапіла, каб адразу завесці ўласную гаспадарку, пабудаваць хату, больш—менш трывала стаць на ногі. Лёс вымусіў падацца ў заробкі за мяжу. Тры гады, з 1927-га па 1930-ты, правёў дзед у далёкай Аргенціне, дзе працаваў звычайным рабочым на бойні. Работа для шляхніца, зразумела, неганаровая, але вярнуўшыся, продак купіў хату, каня, калёсы ды ўсё іншае, што неабходна было для жыцця на вёсцы. Нават яшчэ пазычыў некалькі дзесяткаў долараў нейкаму давыд—гарадоцкаму яўрэю...

Для чаго я ўсё гэта раблю, іншы раз днямі не вылазячы з бібліятэкі, дасылаючы допісы ў шматлікія архівы? Шчыра кажучы, ніколі не задаваўся падобным пытаннем. Сфармуляваў яго толькі зараз, калі пачаў пісаць гэтыя нататкі. Яно проста не ўзнікала, паколькі першапачаткова рухала маімі дзеяннямі не нейкая канкрэтная мэта, а звычайная цікаўнасць. Мэта з'явілася пазней: захацелася скласці радавод. Разам з тым стаў цікавы сам працэс даследавання даўніны. Ён нечым нагадвае складванне мазаікі ці работу золаташукальніка. Той, знайшоўшы першыя крупінкі жоўтага металу, як апантаны, кідаецца на далейшыя пошукі. Гэта называецца залатой ліхаманкай. Не магу сказаць, каб мяне апанавала падобная хвароба, але кожны новы факт з гісторыі жыцця маіх продкаў становіцца не менш каштоўным, чым самародак для золаташукальніка. Чым больш адкрываеш для сябе новага, тым большая прага адчуваецца да гэтага занятку. I нічога, што прыйшлося вывучыць польскую мову, паколькі пераважная частка дакументаў па зразумелых прычынах аказалася на польскай.

У мінулыя стагоддзі вывучэнню генеалогіі ўдзялялася вялікая ўвага. Веданне свайго роду да сёмага ці адзінаццатага калена было тады звычайнай справай. Ствараліся цэлыя радаводы. У некаторых сем'ях яны захаваліся да сённяшніх дзён і з'яўляюцца па сутнасці гістарычным бясцэнным рарытэтам. Бо з часам даўнія традыцыіпачалі забывацца. Сталася так, што зараз нават нашы бацькі мала ведаюць пра сваіх продкаў. Так на нашых вачах пачынае губляцца некалі непарыўная сувязь часоў і пакаленняў. Менавіта па гэтай прычыне сёння як ніколі наспела неабходнасць аднаўлення ранейшых традыцый.

Дык усё ж: для чаго гэта? Калі з'яўляюцца сур'ёзныя вынікі тваёй працы, пачынаеш па-іншаму ацэньваць сваю работу. Цяпер у цябе з'яўляецца гонар за сваіх продкаў. Адначасова ты быццам бы аддаеш ім даніну памяці. Я раблю гэта, мабыць, для таго, каб потым перадаць гэтыя звесткі сваім дзецям. Няхай яны таксама адчуюць тое ж, што перажываю зараз я. Няхай зразумеюць, што і яны, і мы, і многія да нас не выпадкова з'явіліся на гэтай зямлі. Гэта робіцца, каб ведаць, дзе твае карані. Для таго, каб усвядоміць, што ты прадаўжальнік свайго роду, важнае звяно ў гісторыі, Для таго, каб не пачуць у свой адрас крыўдную мянушку-папрок — "Иван, родства непомнящий". Каб, нарэшце, адчуць сябе часцінкай беларускай нацыі, паколькі ў кожнага свая асабістая гістарычная спадчына, але разам яна складае ўсю гісторыю беларускага роду, беларускага народа.

Шалёная бура, якая знянацку праносіцца над лесам, звычайна выварочвае толькі елкі. Сосны ўпарта стаяць пад яе націскам. Біёлагі кажуць, што гэта з-за іх каранёў, якія, у адрозненне ад яловых, глыбока пранікаюць у зямлю.Так і чалавек — чым глыбей яго карані, тым больш трывала і ўпэўнена ён адчувае сябе пад ціскам жыццёвых нягод. Нам усім, асабліва ў сённяшні неспакойны час, патрэбны гэткія ўпэўненасць і абарона.

Юрась ЛЯШКЕВІЧ.

НА ГАЛОЎНУЮ      НАВЕРХ

Copyright© 2004-2013, Юрась ЛЯШКЕВІЧ.   Напісаць аўтару