Альпень — Ольпень — Olpień


Першая згадка пра населены пункт ў архіўных дакументых прыпадае на 1479 год. У гэтым годзе княгіня Ганна, удава князя Свідрыгайлы, падарыла Альпень Зяновічу-Альпенскаму. У той час вёскі як такой, мяркуючы па ўсім, яшчэ не было. Паселішча складалася з некалькіх дворышчаў — узгадваюцца, у прыватнасці, Катлукоўскае, Адаліскае, Іванаўскае, Мануйлавіцкае, Кухаравецкае і іншыя. Дворышчы, якія былі па сутнасці хутарамі, складаліся з некалькіх двароў, у іх маглі жыць па некалькі сем'яў. У 1515 годзе князь Фёдар Яраслававіч падарыў Альпень Зяновію Сямёнавічу Ляшкевічу. У тым жа годзе землі ў Альпені атрымаў Ян Цюхай-Ліпскі (герб Дзебіч).

Вёска доўгі час мела статус ваколіцы. Менавіта тут назіраў незвычайныя падзеі беларускі пісьменнік Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, якія былі пакладзены ў аснову яго бессмяротнага фарс-вадэвіля "Пінская шляхта". Тут жа ён напісаў і верш "Вясна!".

У 1884 годзе ў ваколіцы Альпень была адкрыта школа пісьменнасці, у якой навучаліся 20 хлопчыкаў. А ўжо ў 1908 годзе ў Альпені пачало дзейнічаць аднакласнае народнае вучылішча, дзе займаліся 52 дзіцяці.

У 1909 годзе ў Альпені было 175 двароў і пражывала 1150 чалавек.

Успенская царква ў Альпені У 1939 годзе колькасць насельніцтва вёскі склала 1470 жыхароў. Праз год у Альпені налічвалася 276 гаспадарак, прычым толькі 184 з іх увайшлі ў склад створанага тут пасля ўстанаўлення савецкай улады калгаса "Парыжская камуна". Кіраўніком калгаса быў прызначаны мясцовы селянін-бядняк І.Ю.Ляшкевіч. Аднак ужо ў верасні 1940 года яго знялі за тое, што ў калгасе не скасілі своечасова сена. Трэцім старшынёй калгаса быў М. А. Ляшкевіч, які таксама доўга не пратрымаўся, паколькі пры Польшчы баў даволі заможным чалавекам: да ўступлення ў калгас меў 35 га ворнай зямлі, 10 галоў буйной рагатай жывёлы, 2 свінні, 2 новыя хаты, крытыя гонтай, наймаў работнікаў на сезонныя працы. У канцы 1940 года 32 гаспадаркі альпенскіх сераднякоў расчараваліся ў калгасным жыцці і пажадалі выйсці з "Парыжскай камуны". На 1 снежня 1940 года "антысавецкіх і варожых" людзей было налічана ў Альпені 88 чалавек. Іх дзейнасцю тлумачыліся слабыя паказчыкі ў калгасе. На адзін працадзень тут прыходзілася 2 кілаграмы бульбы, 5 — сена і 1 — проса. Такім чынам рахтавалася глеба для рэпрэсій.

Паводле перапісу 1970 года ў Альпені пражывалі 1536 чалавек. На пачатак 1988 года ў вёсцы было 403 дамы і толькі 857 чалавек (491 жанчына і 366 мужчын). У 1994 годзе зарэгістравана 351 гаспадарка і 689 жыхароў. На пачатак 2000 года ужо засталіся толькі 323 хаты і 627 жыхароў, з якіх толькі 87 дзяцей, а ў 2002 годзе налічвалася 315 двароў і 635 жыхароў.

Такія хаты ў Альпені — ня рэдкасцьТак, самая галоўная праблема вёскі — імклівае выміранне. За апошнія 10 гадоў тут зачынены тры магазіны, фактычна перасталі працаваць фельшарска-акушэрскі пункт (ФАП) і клуб; закрыты цагельня і дом бытавых паслуг; сярэдняя школа рэарганізавана ў базавую — зараз у ёй вучацца не больш за 60 дзяцей.

Асноўны мясцовы работадаўца — былы калгас "За радзіму", а цяпер сельгаскааператыў "Веляміцкі". З дасягненняў цывілізацыі засталіся толькі адна крама з прамысловымі і харчовымі таварамі, пошта, каса "Беларусбанка". Вёска знаходзіцца ў зоне дзейнічання сеткі сотавай сувязі аператараў МТС і Velcom.

Вуліца Савецкая каля крамы ў цэнтры Альпені ўжо заасфальтаванаяВёска мае вулічны тып пасялення. Тут налічваецца каля 20 вуліц і 5 завулкаў. Маецца помнік архітэктуры — Успенская царква, пабудаваная ў 1888 годзе. З гэтай нагоды 28 жніўня ў вёсцы штогод праходзіць прастольнае свята, якое з'яўляецца неафіцыйным днём вёскі.

Сёння прыкладна тры чвэрці жыхароў Альпеня носяць прозвішча Ляшкевіч. Сярод астатніх найчасцей сустракаюцца прозвішчы Ліпскі, Бруцкі, Сцямпкоўскі, Шпакоўскі, Канапліцкі, Кажаноўскі, Лемяшэўскі.


Дайшла чарга і да астатніх вуліц. Упершыню за апошнія 15 гадоў іх падсыпалі пяскомУ 2004 годзе Альпень адзначыў сваё 525-годдзе. Планавалася, што свята вёскі будзе прымерквана якраз на святок — 28 жніўня. Да пачатку навучальнага года прымерквалі і святкаванне 120-х угодкаў школы. У райцэнтры была распрацавана адмысловая праграма добраўпарадкавання, але з-за адсутнасці фінансавання да прызначанай даты нічога не было зроблена. Толькі ў канцы восені мясцовыя ўлады крыху загардзілі платы на цэнтральнай вуліцы і пачалі класці на ёй асфальт. Ужо ў пачатку 2005 года былі выдзелены грошы на ўпарадкаванне іншых вуліц. Дзякуючы гэтаму былі засыпаны калдобіны і велізарныя лужыны.

Выпіскі з літаратуры

"Околица ОЛЬПЕНЬ. Однодворцы на собственных землях из неутвержденной шляхты бывших государственных крестьян. Проживает 597 человек."
"Список населенных местъ Минской геберніи" за 1870 год.


"ОЛЬПЕНЬ, околица Мозырьского уезда, Хорской волости. 4 версты до волости, 27 верст до ст. Лахва П. ж. д; 5 верст до ближайшего почтового и телеграфного отделения - Давид-Городокъ; число жителей 1145; 175 дворов, 293 версты до губернского города, 190 до уездного."
"Список населенных местъ Минской губерніи", составилъ В. С. Ярмоловичъ, 1909, г. Минск, стр.140.

Архіўныя дакументы па гісторыі вёскі Альпень

Абмежаванне сяла Альпенскага ад 1567 года. Выпіс і пераклад 9 верасня 1727 года

Абмежаванне сяла Альпені. Пераклад ад 30 красавіка 1776 года

НА ГАЛОЎНУЮ

Copyright© 2004-2013, Юрась ЛЯШКЕВІЧ.   Напісаць аўтару