Рубель — Рубель — Rubiel


Царква ў Рублі. Убачыць цалкам? Вёска ў Столінскім раёне Брэсцкай вобласці на рацэ Чаква. Цэнтр сельсавета і сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва "Рубельскі", былога калгаса. Трэцяя па велічыні вёска ў Брэсцкай вобласці. 18 км ад Століна, 263 — ад Брэста, 28 — ад чыгуначнай станцыі Гарынь.

Вёска вядомая з 1458 года пад назвай Любра (Любер), якая да канца ХVIII стагоддзя эвалюцыяніравала ў Рубля, Рубель. У XVI-XVIII стагоддзях вёска будучы ў Пінскім павеце Брэсцкага ваяводства Вялікага княства Літоўскага, належала Зышчынічам, Пашкевічам, Рэзановічам. З 1793 года — у складзе Расійскай імперыі, у Хорскай воласці Мазырскага павета Мінскай губерні. У 1886 годзе тут налічвалася 450 жыхароў, 146 гаспадарак. У 1909 годзе — 448 двароў і 3259 жыхароў. З 1921 года — у складзе Польшчы. На момант далучэння было 457 гаспадарак, больш за 2800 насельнікаў. У 1932 годзе ў Рублі зарэгістравана 4166 жыхароў. На момант прыходу савецкай улады ўжо быў 541 двор, дзе пражывалі 3887 чалавек.

У кастрычніку 1940 года ў Рублі арганізаваны сельсавет. Колькасць жыхароў перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны склала 3688 чалавек, было 730 гаспадарак. Падчас вайны, у 1944 годзе, адступаючы гітлераўцы спалілі вёску. Былі цалкам знішчаны ўсе 730 хат. Уцалела толькі царква. За гады вайны нацысты знішчылі ў Рублі 122 чалавекі. У прыватнасці, летам 1941 года ва ўрочышчы Барок былі расстраляны 53 жыхары яўрэйскай нацыянальнасці. У 2001 годзе на месцы расстрэлу ўстаноўлены памятны знак. Рубель ўвекавечаны ў мемарыяльным комплексе "Хатынь" як адна са спаленых вёсак.

Але пасля вайны жыццё адрадзілася. У 1959 годзе налічвалася 4668 насельнікаў, у 1970-м — 5565 жыхароў. Па стану на пачатак 2001 года было 1350 сядзібаў і 4138 жыхароў. У 2004 годзе налічваецца ўжо 1444 дамы і амаль чатыры з паловай тысячы жыхароў.

У вёсцы знаходзяцца ільнозавод, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі. У 1965 годзе ўзведзены помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Асабліва цікавы помнік архітэктуры — Рубельская Міхайлаўская царква, якая была пабудавана ў 1796 годзе. Адзін з самых яскравых прыкладаў палескай школы драўлянага дойлідства стылю барока. У 1996 годзе ў вёсцы пабудавана яшчэ адна царква — Успенская. Дзейнічае таксама малітоўны дом хрысціян веры евангельскай.

Каля вёскі знаходзяцца курганы, паселішчы і могільнік зарубінецкай культуры.

НА ГАЛОЎНУЮ

Copyright© 2004-2013, Юрась ЛЯШКЕВІЧ.   Напісаць аўтару