Радзіма майго духу

Геаграфія

Край мой гарынскі
Край мой гарынскі, — вішнёвы лісток
Вішні, што выйшла з-пад кораня Бога…
Вочы заплюшчу: Давыд-Гарадок
Сніцца і сніцца на Столін дарога.

Сняцца Альшаны, Туры і Рубель,
Хорск, Беражное, Альпень, Велямічы,
Дубай, Харомск, Угалец і Рамель;
Сняцца Аздамічы і Цераблічы…

Сон пра цябе, — ён заўсёды святы;
Сэрца мне кажа адно безупынна,
Што паміж Пінскам і Туравам ты,
І паміж Прыпяццю і Украінай…

Пацалаваны трывогай куток,
Невінаваты нікому нічога…
Край мой гарынскі, — вішнёвы лісток
Вішні, што выйшла з-пад кораня Бога.

Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК.
2001 год.

Ляшкевічы ў свеце

Розныя абставіны раскідалі прадстаўнікоў роду Ляшкевіч па ўсім свеце. Яны жывуць не толькі ў Беларусі, Расіі, Украіне, іншых рэспубліках былой адзінай дзяржавы пад назвай СССР. Асабліва шмат Ляшкевічаў пражывае зараз у Польшчы. Гэта тлумачыцца даволі проста. Не аднойчы тэрыторыя сучаснай Беларусі часткова знаходзілася пад крылом польскага арла. Гэткае становішча захоўвалася нават да верасня 1939 года. А напрыканцы Другой сусветнай вайны шмат людзей, у тым ліку і з роду Ляшкевічаў, не пажадалі вяртацца ў Савецкі Саюз, баючыся рэпрэсіяў, — яны засталіся ў Польшчы або пераехалі далей на Захад.

Некалькі хваляў эміграцыі закінулі прадстаўнікоў роду ў Францыю, Германію, Іспанію, Вялікабрытанію, ЗША, Канаду, Аргенціну, Бразілію і нават у Аўстралію і Новую Зеландыю. З некаторымі ўдалося наладзіць сувязь і падцвердзіць здагадкі адносна адзінага геаграфічнага цэнтра паходжання роду.

Такім чынам, пакуль удалося ўстанавіць дакладна толькі адно месца, адкуль пайшоў род Ляшкевічаў. Гэта вёска Альпень у Столінскім раёне Брэсцкай вобласці Рэспублікі Беларусь. Менавіта тут зафіксавана самае ранняе ўпамінанне прозвішча Ляшкевіч у архіўных дакументах. Прыкладна да сярэдзіны 18 стагоддзя нашы продкі пражывалі кампактна. Адзінае, што яны маглі сабе дазволіць, гэта ажаніцца або выйсці замуж за выхадца з суседняй вёскі. Так прозвішча паступова распаўсюдзілася ў такіх вёсках як Мачуль, Рамель, Велямічы, Рубель і іншых суседніх з Альпенем населеных пунктах. У некаторых выпадках садзейнічалі распаўсюджанню прозвішча войны. Але толькі з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу, з атрыманнем адукацыі вялікая колькасць прадстаўнікоў роду стала пакідаць межы роднага Палесся. Верагодна, так прозвішча Ляшкевіч з'явілася ў некалькіх вёсках сучаснага Вілейскага раёна Мінскай вобласці, а таксама на Гомельшчыне.

Тым не менш, такой вялікай канцэнтрацыі прадстаўнікоў роду як у радавым гняздзе — у вёсцы Альпень — да гэтага часу сустракаць не даводзілася.

НА ГАЛОЎНУЮ

Copyright© 2004-2013, Юрась ЛЯШКЕВІЧ.   Напісаць аўтару