Друкуецца з дазволу аўтара

Уладзімір ЛІПСКІ

Я. ПРАЎДЗІВЫ АПОВЯД ПРА ТВОЙ І МОЙ РАДАВОД

Урыўкі з кнігі


ПРЫВІЛЕЙ КНЯЗЯ ЯРАСЛАВАВІЧА

— Што ты за чалавек?
— Я не чалавек, а пінчук.
П. П. Сямёнаў. «Живописная Россия».

Шукаць Ліпскіх з гербам «Любіч» усё роўна, што закінуць вуду ў акіян. Пад гэтым старажытным знакам жылі ў свой час 513 сямейных родаў.

Але ж праўду кажуць, хто шукае, той знаходзіць, хто стукаецца, таму адчыняюць, хто жадае, той дамагаецца свайго.

Вераснёўскім днём 1992 года мне пашчасціла «вылавіць» у Нацыянальным архіве Беларусі «Справу № 53» Мінскага дваранскага дэпутацкага сходу аб дваранскім паходжанні роду Цюхаёў-Ліпскіх.

На шэрай вокладцы стаяла чырвоная пячатка і дата: «Снежня 23 дня 1802 года». Трымаў у руках важкую папку, сэрца разрывалася ад цікаўнасці: што за вокладкай, за пячаткай?

Прайшло 190 гадоў, як пісаліся тыя паперы. За іх плацілі срэбрам. За імі хадзілі людзі з пінскіх балотаў у губернскі Мінск. Нехта са справаводаў старанна падшыў усе аркушы. А царскія і савецкія архівы захоўвалі скарб гісторыі ва ўсе гады міру і ліхалецця. Дзякуй вам, мужныя і сціплыя байцы!

Падобна, што за столькі гадоў я першым адкрываў патаемную папку. Вір навін і адкрыццяў абрынуўся на мяне.

Доўга не мог адарвацца ад намаляванага герба. Вопытная рука выводзіла яго абрысы. А фарбы такой якасці, што, здаецца, мастак працаваў зусім нядаўна. Пад малюнкам прыгожым почыркам выведзены подпіс: «Гербъ Любичъ Фамилии Благородных Тюхаевъ-Липскихъ».

Звярнуў увагу: усе словы ў гэтым сказе напісаны з вялікай літары. У іх пісар, відаць, укладваў асобны сэнс і павагу. I лёгка ўявіць, як даражылі сямейным гербам, як ганарыліся ім, як беражліва перадавалі яго з хаты ў хату. Усё гэта выхоўвала фамільную высакароднасць, любоў да сваіх каранёў.

Наступны дакумент пацвярджаў гэткую выснову. Ён быў падпісаны самім князем Пінскім Фёдарам Іванавічам Яраслававічам. Прачытаем яго няспешна, уважліва:

«Чэрвеня 4 дня 1513 года № 1746 даная, а кастрычніка 9 дня ў Актах Давыдгарадоцкіх яўленая Прывілей князя Фёдара Іванавіча Яраслававіча Івану Паўлаву Цюхаю-Ліпскаму на ўладанне нерухомым маёнткам у ваколіцы Ольпені ляжачае. 3 тым, каб ён, Цюхай, з братамі сваімі ўжываў яго, адбываючы ваенную службу нараўне з протчымі каранованымі зямянамі* (у Статутах Вялікага княства Літоўскага 1529, 1566, 1588 гадоў ужываецца ў значэннях «шляхціцы», «землеўладальніі»), незалежна ад цяглавых сялян...»

Сонца 4 чэрвеня 1513 года прачнулася ў 4 гадзіны сорак тры хвіліны. Дзень доўжыўся 17 гадзін трыццаць шэсць хвілін. Для заснавальніка роду Івана Цюхая-Ліпскага, які пераходзіў на аседлае жыццё, які прысягаў на вернасць зямлі, гэта стала знакам яго новых турбот: раненька ўстаць, доўга-доўга працаваць і позна легчы спачываць! Такая зямелька! Яна патрабуе ад свайго гаспадара любові ад усходу да захаду сонца.

А яшчэ ў той дзень хрысціяне адзначалі дзень прападобнага Мяфодзія, ігумена Пяшношскага. Святы айцец па блаславенні свайго настаўніка Сергія Раданежскага стаў жыць ля ракі Яхрама, «ища безмолвия». 3будаваў сабе келлю ў лясістым, балоцістым месцы «для подвигов отшельничества». Але пра ігумена Мяфодзія хутка даведаліся «пустынножители» і пачалі ісці да яго. Давялося будаваць храм і новую келлю. На сабе, пяшком насілі дрэвы. Ад таго і названа была тая будыніна Пяшношскай.


НА ГАЛОЎНУЮ