В 2004 году в Бресте усилиями Брестской городской Рады ОО «Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны» и Брестского отделения МОО «Гісторыка» был осуществлен выпуск стихотворного произведения «Уния на Полесье». Произведение подписано инициалами В.А. и принадлежит перу выдающегося белорусского католического священника восточного обряда Иосифа (Язэпа) Германовича, который чаще печатался под литературным псевдонимом Винцук Отважный. Переиздание было приурочено к 105-й годовщине со дня рождения отца Вячеслава Аношки и 525-й годовщине д. Ольпень. Издание, напечатанное на ризографе, вышло тиражом только 250 экземпляров. Один из экземпляров мне передали жители Ольпеня. Учитывая, что книга сразу стала раритетом, я решил выложить на этой странице ее содержание, сохраняя язык и правописание оригинала, вернее, его переизданной версии.

Юрась ЛЕШКЕВИЧ



СОДЕРЖАНИЕ

Ад выдаўцоў

Унія на Палесьсі. Прадмова

I. На Палесьсі

II. Ці трэба

III. Альпень

IV. Спрэчкі і згода

V. Вялікая Ектэнія

VI. Гутарка аб Уніі

VII. Госьць з Рыму

Малітва

Винцук ОТВАЖНЫЙ (о. Иосиф Германович).
«Уния на Полесье»

Ад выдаўцоў

Падчас дасьледаваньня гісторыі міжваеннай Уніі ў Заходняй Беларусі мы даведаліся пра існаваньне цэлага твору на гэтую тэму — паэмы «Унія на Палесьсі». Твор падпісаны ініцыяламі В.А. і належыць пяру выдатнага беларускага каталіцкага сьвятара ўсходняга абраду Язэпа Германовіча, які найчасьцей друкаваўся пад літаратурным псеўданімам Вінцук Адважны.

Выдатны беларускі каталіцкі публіцыст і паэт айцец Язэп Германовіч (4.03.1890 - 26.12.1978) паходзіць са старадаўняга мястэчка Гальшаны Ашмянскага павету Віленскай губерні. Рана застаўшыся бяз бацькі, ён, нягледзячы на жыцьцёвыя цяжкасьці, увесь час імкнуўся да навукі: здолеў скончыць школу ў Гальшанах, а затым у Ашмяне ды паступіў у Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю. На сьвятара быў высьвячаны ў Вільні ў 1913 г. Сваю душпастырскую працу пачынаў на Беласточчыне (Далістова, Беласток, Крыпна), затым працаваў пад Ваўкавыскам (Мсьцібава, Вялікая Лапеніца) і на Слонімшчыне (Луконіца). Кароткі час быў пробашчам у Лужках (Дзiсненшчына).

У 1924 годзе распачаўся новы этап у ягоным жыцьці — а. Язэп Германовіч уступіў у Закон Айцоў Марыянаў, якія ў той час заснавалі беларускі кляштар у Друі.

Пасьля навіцыяту а. Язэп Германовіч працаваў пробашчам у вялікай друйскай парафіі, затым — магістрам навіцыяту, выкладаў Закон Божы і лацінскую мову ў Друйскай гімназіі. Духоўны вучань а. Язэпа Германовіча біскуп Часлаў Сіповіч асабліва адзначае ягоны выхаваўчы талент ды ўменьне прывіваць моладзі любоў да роднай мовы, якую ў тагачаснай Польшчы перасьледавалі і якой не маглі навучаць у самой друйскай гімназіі, дзе каля 90 % вучняў былі беларусы і кіраўнікамі якой былі беларускія айцы-марыяне.

У гэты перыяд а. Язэп Германовіч актыўна займаецца літаратурнай творчасьцю: піша розныя артыкулы і творы для «Хрысьціянскай думкі», «Крыніцы». За свае беларускія перакананьні і патрыятычныя казаньні не аднойчы ён быў перасьледаваны польскімі сьвецкімі і царкоўнымі ўладамі.

У 1932 годзе а. Язэп Германовіч прымае ўсходні абрад, але працаваць на Бацькаўшчыне для адраджэньня ўніі яму не давялося. У 1932-1936 гг. і 1938-1948 гг. ён вымушаны быў працаваць місіянерам сярод расейскіх католікаў усходняга абраду ў Харбіне (Кітай) разам з другім выдатным сьвятаром-беларусам архімандрытам Фабіянам Абрантовічам. Гэты перыяд яго жыцьця адлюстраваны ў падарожных нататках «На Далёкі Ўсход» (Вільня, 1937).

Кароткі час у 1936-38 гг. айцец Я. Германовіч быў супэрыёрам беларускага дому Айцоў Марыянаў у Вільні. Але ў 1938 годзе таксама, як і беларускія марыяне з Друі, а. Язэп Германовіч і ўсе семінарысты-беларусы з Дому марыянаў у Вільні былі прымусова выселены польскімі ўладамі ў Цэнтральную Польшчу.

У 1948 годзе а. Язэп Германовіч быў арыштаваны кітайскімі камуністамі й перададзены савецкаму боку. Быў асуджаны на 25 гадоў лагероў. Пасьля вызваленьня з сібірскага лагеру, дзе знаходзіўся каля шасьші з паловай гадоў, нягледзячы на жаданьне застацца на Бацькаўшчыне, якой прагнуў служыць, з 1955 году вымушаны быў жыць у Польшчы. У канцы 1959 году ён змог перабрацца ў Рым, пабываў у ЗША, а затым перабраўся настала ў Лондан, дзе жыў да канца свайго жыцьця і дзе рэдагаваў беларускі часопіс «Божым Шляхам». Айцец Я. Германовіч пачаў друкавацца з 1919 году. Першы артыкул надрукаваў у віленскай «Крыніцы» пад назовай «Хто мы?», які падпісаў псеўданімам «Хлопчык з-пад Горадні». Праз нейкі час здарылася яму сустрэцца з вядомым беларускім пісьменьнікам і літаратурным крытыкам Максімам Гарэцкім, які, як сьведчыць у сваіх успамінах біскуп Часлаў Сіповіч, сказаў яму: «Ксёндз, ты мусіш пісаць! Грэх, калі ня будзеш!» Такая падтрымка стала добрым стымулам для сьвятара.

Пяру беларускага сьвятара-патрыёта належаць ня толькі шматлікія артыкулы, вершы, замалёукі ў заходнебеларускім друку, але і апавяданьні ў прозе і вершы, аповесьці ды байкі. Аднак творчасьць Вінцука Адважнага сёньня вядома, на жаль, толькі вузкаму колу дасьледчыкаў.

У міжваенны час у Вільні асобнымі кніжкамі выйшлі 9 разнастайных твораў Вінцука Адважнага. Першы з іх — апавяданьне «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928). Затым былі: апавяданьне «Казюкова жанімства» (1929), вершаваныя апавяданьні «Як Гануля зьбіралася ў Аргентыну» і «Гануліны клопаты» (1930), апавяданьне «Адам і Анэлька» (1931), «Канёк-Гарбунёк» (1932), паэма «Унія на Палесьсі» (1932), «Бэтлейка» (1932), зборнік вершаў «Беларускія цымбалы» (1933), аповесьць «Хлапец» (1936).

Шырокую вядомасьць на Захадзе атрымалі лагерныя ўспаміны а. Язэпа Германовіча «Кітай-Сібір-Масква». Гэта была адна з першых кніг, якая раскрывала ўсю жудасьць савецкай таталітарнай сістэмы. Кніга была выдадзена ў 1962 годзе ў Мюнхэне і перакладзена на некалькі моваў. На Бацькаўшчыне ж гэты ды іншыя творы пісьменьніка-сьвятара да апошняга часу не выдаваліся, а імя яго ня згадвалася ні ў падручніках, ні ў даведніках. У 1990-ыя гады некаторыя беларускія выданіні пачалі друкаваць невялікія ўрыўкі з яго ўспамінаў і асобныя вершы. I толькі ў 2003 годзе грамадзкасьць Беларусі ўпершыню змагла пазнаёміцца з адным з яго твораў — лагернымі ўспамінамі «Кітай-Сібір-Масква», якія былі надрукаваныя айцамі-марыянамі сумесна з выдавецтвам «Сафія» пры Полацкай грэка-каталіцкай грамадзе. Але і яны былі надрукаваны ў Расеі ў Санкт-Пецярбургскім выдавецтве «Неўскі прасьцяг».

Жывучы на эміграцыі, Вінцук Адважны напісаў шмат арыгінальных баек, ім было зроблена нямала перакладаў з Крылова, Красіцкага ды іншых вядомых аўтараў. На жаль, частка гэтых твораў загінула (напрыклад, напісанае ў Харбіне там і засталося). У пасьляваенны перыяд шматлікія байкі, вершы, вершаваныя інтэрпрэтацыі біблейскіх матываў, успаміны а. Язэпа Германовіча друкаваліся ў часопісах «Божым шляхам» (які ён рэдагаваў) і «Зьніч». У Лондане выйшлі наступныя ягоныя творы: паэма «Князь і Лапаць» (1964), «Байкі і іншыя вершы» (1974), а ў Мюнхэне — «Прыповесьці паводле Эвангельля Матэя-Марка-Лукі-Яна» (1970).

Як адзначаюць беларускія крытыкі, у творчасьці Вінцука Адважнага моцна адчуваюцца ўплывы аднаго з пачынальнікаў беларускага адраджэньня Францшка Багушэвіча. У ягоных творах, дзе часта разглядаюцца пытаньні хрысьціянскае маралі, шмат шчырасьці, духоўнае чысьціні і ўзьнёсласьці. Яны адзначаюцца шчырым беларускім патрыятызмам і гумарам.Творчасьць Вінцука Адважнага цалкам прасякнута хрысьціянствам, і менавіта ў ім ён чэрпае натхненьне. Ксёндз Адам Станкевіч так пісаў пра яго творчасьць: «...Справа народная ў В. Адважнага гэта частка справы Божай».

З мэтай бліжэй пазнаёміць сучаснага чытача з літаратурнай спадчынай беларускага пісьменьніка-сьвятара Вінцука Адважнага мы ажыцьцявілі першае перавыданьне ягонай паэмы «Унія на Палесьсі».

Напісана яна ў 1932 годзе цалкам на аснове рэальных падзеяў, што адбываліся ў далёкім закутку Палесься, у в. Альпень Столінскага раёну. Тут вёў актыўную душпастырскую, місійную і культурна-асьветніцкую працу выдатны беларускі каталіцкі сьвятар усходняга абраду а. Вячаслаў (Вацлаў) Аношка (1899-1966), які пазьней стаў сябрам Рады Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы. Значная частка твору пабудавана ў выглядзе дыскусіі паміж прадстаўнікамі розных канфесіяў: уніяцкім сьвятаром (без сумніву, гэта а. Вячаслаў Аношка), праваслаўным ераманахам і рыма-каталіцкім ксяндзом (вельмі верагодна, што ў гэтай дыскусіі браў удзел выдатны рыма-каталіцкі сьвятар Пётр Татарыновіч, якога добра ведалі і любілі ў Альпені, дзе ён ня раз выступаў з казаньнямі, і які якраз у той час пачаў сваю працу ў Століне). Гэтая дыскусія ня ёсьць адно мясцовай спрэчкай — яна закранае галоўныя пытаньні хрысьціянскай еднасьці, многія з якіх застаюцца актуальным і сёньня.

Значнай падзеяй для альпенцаў стала візітацыя парафіі Апостальскім візітарам для каталіцкіх парафіяў славяна-візантыйскага абраду на Валыні, Падляшшы і Палесьсі біскупам Мікалаем Чарнецкім. Гэтая адметная падзея не засталася па-за ўвагай Вінцука Адважнага і таксама знайшла адлюстраваньне ў творы, бо шчырасьць і палымяныя словы ўладыкі Мікалая па-сапраўднаму закранулі сэрцы многіх альпенцаў. Варта адзначыць, што гэты выдатны ярарх Грэка-Каталіцкай Царквы пазьней прайшоў праз зьдзекі і катаваньні ў савецкіх турмах і канцлагерах, але ня быў зломлены, ня здрадзіў сваёй веры. Сёньня шматлікія вернікі, што прыходзяць да яго магілы, каб памаліцца, праз ягонае заступшцтва атрымліваюць ацаленьні ад хваробаў. А ў 2001 годзе, падчас візіту ва Ўкраіну, Папа Рымскі Ян Павел II урачыста абвясьціў яго блаславёным сьвятамучанікам.

Пра свой прыезд у Альпень, пасьля якога і нарадзілася паэма «Унія на Палесьсі», а. Язэп Германовіч напісаў праз тры дзесяцігоддзі ў некралогу ў памяць пра свайго сябра айца В. Аношку (часопіс «Божым шляхам», сакавік-красавік, 1966, № 2 (95), с.10-11), урывак з якога падаем ніжэй з захаваньнем асаблівасьцяў мовы арыгіналу.

«Вацлаў Аношка, чалавек энэргічны і дзейны, а прытым прыкладны сьвятар, шчыры, пабожны, міласэрны і гарачы беларускі патрыёт, быў добра ведамы ў духавенстве і народзе, асабліва на тэрыторыі Наваградчыны і Піншчыны. Нават ворагі нашага народу ня ведалі, як да гэтага сьвятара прыступіцца і што яму закінуць: ён быў ім непажаданы і клапатлівы, але ня ўмелі яго «узяць у рукі». Ен, як сьліж, высьлізгіваўся з рук і з кіпцюроў.

Мне здарылася спаткацца з Аношкам некалькі разоў то ў Вільні, то ў Пінску, але бліжэй згаварыцца зь ім не ўдавалася. Ён — такм непаседа — з адным гаварыў, а паглядаў на ўсе бакі: то сьмяяўся, то спрачаўся, а то патаківаў — толькі ж не вычэрпываў тэмы, бо думкі яго, відаць, заляталі далека ўперад.

Аднак мне трэба было пазнаць яго працу бліжэй, і я ў 1932 вясною, пераадолеўшы вялізныя перашкоды, дабраўся да Альпеня. З Друі праз Браслаў, Вільню, Ліду, Лунінец да Століна, здаецца, 4 перасядкі! I са Століна аўтабусам (40 км фатальная дарога і пагода — дождж, болота і позны вечар) ехалі да Давыд-Гарадка. Тут трэба было адпачыць, але начаваць у лацінскага ксяндза мне не ўдалося, а фурманкі ў Альпень не было, дык я пастанавіў пайсьці ў Альпень пехатою 5 вёрст: наняў правадніка, старога дзеда, і мы зь ім падыбалі па лугох без ніякіх дарожак. На шчасьце, на лугу быў яшчэ лядок — праўда, сьлізка, цёмна, і дождж, і вецер — нам, бедным, у вочы. Так прайшлі мы слаўна і памятна мне дасюль, бо дзядок удаўся гаманлівы. Ну, і прыйшлі мы ў Альпень ля гадзіны 11-ай і, ведама, а. Аношку дома не знайшлі: ён быў «на людзях», як звычайна. Нам добрая гаспадыня хутка ўшыкавала вясковы пачастунак, а гаспадару схавала запасную вячэру, і ён, зара надыйшоўшы, ладзіў сабе «Вялікае Павечэрые».

Гасьціў я ў Аношкі некалькі дзён і пазнаў ягоныя манеры. Ён браў і мяне на свае экскурсіі. Аднойчы ў вялікай вёсцы Аношка разаслаў пасланцоў склікаць людзей на вячэрню, якую ён служыў у аднэй большай хаце — паводле ўсходняга абраду, бо ён сам быў сьвятаром грэка-каталіцкага абраду і меў ў Альпені немалую парахвію. Сабраліся людзі, знайшліся сьпевакі, сьвечкі,— значыць, вячэрня злажылася сапраўды пабожная. Была і ягоная прамова, поўная гарачае любові да Бога і да людзей.

У нядзелю а. Аношка служыў позьнюю Літургію, а казань загадаў гаварыць мне, ведама, па-беларуску, бо ў Альпені ён начай не гаварыў. Стоячы на ўзвышэньні, я пачаў: «У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!» Наперадзе стаіць старэнькая бабка і голасна паўтарае кожнае слова. Далей я кажу: «Дарагія Браты!» I яна паўтарае тое самае... I так мы зь ей сказалі ўсю прамову. Прастата і пабожнасьць гэтае бабулькі была такая шчырая, што — трэба думаць — яе казаньне было палічана ў небе вышэйшай цаною, як мае.

Добры прыклад пастырства а. Аношкі меў вялікі ўплыў на ўвесь народ і на суседняе духавенства. Рэдка дзе мне здаралася спатыкаць такіх шчыра пабожных і ахвярных сьвятароў. Аношка ня жыў для сябе: ён жыў цалкам для Бога і для народу».

Вінцук Адважны прысьвяціў сваю паэму «Унія на Палесьсі» выдатнаму душпастыру альпенскай уніяцкай парафіі сьв. Язафата а. Вячаславу Аношку. Перавыданьне паэмы зроблена намі ў памяць пра гэтага шчырага беларускага сьвятара-патрыёта ў 105-ыя ўгодкі з дня яго народзінаў ды прымеркавана таксама да 525-ых угодкаў в. Альпень, якія адзначаюцца ў 2004 годзе.

Адзіны з вядомых выдаўцам асобнікаў «Уніі на Палесьсі» Вінцука Адважнага сёньня захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі Бібліятэкі Нацыянальнай Акадэміі Навук Рэспублікі Беларусь імя Я. Коласа. Адшукаць яго дапамог нам сп. Валер Каліноўскі з Менску, якому выказваем шчырую падзяку. У гэтым асобніку цікава адзначыць наяўнасьць сьлядоў «працы» невядомага цэнзара, які пападкрэсьліваў ручкай негатыўныя выказваньні аўтара пра камуністаў, якіх ён прыраўнаў да «нездаровых элементаў».

Асаблівасьці мовы аўтара і тагачасны правапіс у прапанаваным выданьні цалкам захаваныя, за выключэньнем некаторых памылак друку.

Ігар Бараноўскі




Душпастыр альпенскіх уніятаў айцец Вячаслаў АНОШКА (1899-1966)


«Унія на Палесьсі»


Ахвярую Вельмі Паважанаму Айцу Вячаславу Аношку на памятку пяцілецьця прыходу ў Альпені





Здарылася мне нядаўна пабываць на Палесьсі. Калісьці былі тут непраходныя лясы, пушчы; пасьля асталіся пасекі, а цяпер — само голае Палесьсе: балоты і балоты. Ёсьць і добрая зямля на вышэйшых месцах. Тут жывуць адвечныя жыхары, Паляшукі і Пінчукі; яны нашыя браты і гавораць панашаму, толькі крышку больш пахіляючы на галосную «о». Людзі тут згуртаваны ў большыя вёскі, каторыя часам даходзяць да сту, двухсот і болей хат. Што да веры — тут блізка ўсе праваслаўныя. Але толью з назовы «праваслаўныя», бо запраўды цемната рэлігійная тут пануе страшэнна. Я сам быў у адной вёсцы пасьля Каляд: ці паверыце?— з вёскі, што мае з паўтараста хат, ані адзін ня быў у царкве праз усе Каляды! А да царквы вёрст шэсьць.

За такое апушчэньне цяжка адкажуць людзі перад Богам, каторы нас стварыў і выкупіў, і можа яшчэ цяжэй адкажа праваслаўнае духавенства, каторае гэтым народам апякуецца. Ня дзіва, што ў такой цемры жывуць розныя нездаровыя элементы, як сэкты баптыстаў і мэтодыстаў, а навет палітычныя душагубцы — камуністы. Народ наагул добры, але цёмны і запушчаны.

Вось-жа Каталіцкая Царква, каторая мае праўду найчысьцейшую, ня можа глядзець бясчынна на згубу душ людзкіх, адкупленых крывёй Збаўцы. Найвышэйшы Пастыр, Сусьветны Архірэй, Папа Рымскі, пасылае на Палесьсе праўдзівых каталіцкіх сьвяшчэньнікаў, людзей з гарачым сэрцам, адданых Богу і кажа ім: «Ідзеце на Палесьсе! Навучайце і прасьвячайце там народ просты і цёмны!»

Каталіцкі Архірэй у Пінску, Япіскап, Жыгімонт Лазінскі патварыў Уніяцкія прыходы і прыслаў сюды Ўніяцкіх сьвяшчэньнікаў. Пачалася апостальская праца.

Праасьвяшчэнны Архірэй Мікалай Чарнецкі прывёз ад Рымскага Папы благаслаўленьне ўсім Уніяцкім сьвяшчэньнікам і міранам. Сам Рымскі Папа, Піўс XI, моліцца за згоду, за лучнасьць і заклікае ўсіх праваслаўных «Да злучэньня». Гэтае злучэньне называецца ўніяй. Некаторьы людзі баяцца гэтага слова «Унія», як-бы чагосьці страшнага. Але яшчэ старычкі памятаюць, як калісьці тут была ўнія, г. значыць Каталіцкая вера ўва Ўходнім Абрадзе. Пасьля яе загубілі маскоўскія цары — сілай, гвалтам і ашуканствам. Цяпер Айцец сьвяты, Папа Рымскі, як Айцец усяго Хрысьціянства, заклікае да павароту на лона праўдзівай Царквы; каб споўніліся словы Хрыста Спаса і сталася «адна аўчарня пад адным Пастырам».

Альпенскі прыход сьвяткаваў нядаўна пяцілецьце свайго павароту на лона Хрыстовай Царквы. Я тут жадаў бы хоць часткова прылажыцца да супольнай радасьці і ахвярую Дарагім Альпенцам гэтую маленькую памятку. Гарой Альпень! Няхай жыве наш Уладыка Мікалай! Няхай жыве Сьвятая Сусьветная Праўдзівая Каталіцкая Царква! Няхай жыве Сусьветны Архірэй, Піус XI, Папа Рымскі!



I. На Палесьсі
На Палесьсі сьвятым, у куточку глухім,
Дзе балоты, лугі, лясы, пушчы,
Ля Давід-Гарадка ляжыць веска така,
Людзі там у грамадзе, у адной гушчы.

Над Гарынем ракой, там у вёсцы ў той,
Што Альпенем адвеку завецца,
Важны справы пайшлі ў нашай роднай зямлі;
Йшчэ важнейшы, чым можа здаецца!

А як хочаце знаць, раскажу: Гадоў пяць
Перад гэтым быў край тут нязнаны;
А тутэйшы народ праз папоў пад той год
Быў зусім, так сказаць, занядбаны.

Хоць лічылі людзей сьвятой паствай сваёй;
Ды не пасьвілі іх ані трошкі:
Толькі стрыгчы авец, поп сьпяшыў, як купец,
I ахвяры зьбіраў аж да крошкі.

Вось авечкі бляяць: сталі просьбы пісаць,
Пасылаюць і просяць і плачуць:
Каб на месца «купца», біскуп даў ім айца —
Іншай рады ніякай ня бачаць.

Біскуп у гэтай бядзе акуляры кладзе
I сьпісок прад сабой раскладае;
А хоць бацюшкаў шмат, ды айцоў недахват:
Доўга, доўга такога шукае.

Аж знайшоў малайца, вось такога айца,
Што слуга быў праўдзівы Хрыстовы;
I на Божы прызыў яму крыж узлажыў —
Той айцец быў да працы гатовы.

Узяў сьвяшчэньнік размах усяму пеклу на страх,
Едзе скоранька, сьпешна, ахвоча;
А на простым вазе важны пляны вязе,
Бо людзям прыхіліць неба хоча.

Быў ён кожнаму рад, бо ён родны наш брат;
Кроў з крыві, косьць з касьцей наша родна;
Так прышоўся да нас — брат да брата якраз —
I стварылась сямейка народна.

Быў адважны на зьдзіў: шчыра так гаварыў
I даступна да кожнай бабулі,
Што Альпенцы ўсе, дзеці тож пакрысе,
Разважалі, як толькі пачулі.

I ак вось добра зярнё, хоць-бы толькі адно,
Як у чуткае сэрца запала,
Зараз там узышло, далей-болей расло,
Зелянела, цьвіло, насьпявала.

З уніяцкіх клапот, хоць малы ўмалот,
Рад і тому айцец даражэнькі:
Праз гадоў гэтых пяць было трэба зьбіраць
Кожны дзень гэты крошкі маленькі.

II. Ці трэба
Ды аб што тут ідзе? хто вайну тут вядзе?
Ці патрэбна змаганьне такое?
Мо дарэмны заход, бо тут сонны народ —
I ці ўнія — дзела сьвятое?

Госпад з неба, Хрыстос адну веру прынёс
I за праўду ён кроў пралівае:
Ен за праўду памёр — за братоў, за сясьцёр;
Крыжам неба для нас адчыняе.

Сам да неба йдучы, пакідае ключы —
Пётр Апостал тым ключнікам будзе:
Пётр адчыне для нас, калі прыйдзе той час;
Гэтак могуць спасьціся ўсе людзі.

Пётр пакорна прыняў, ключы Божыя ўзяў —
Гэта воля Хрыста і тэстамант:
«Кіфа — Пётр, Ёнін сын, ты ў Цэркве адзін
Ты скала, галава і фундамант».

«А Я Цэркву сваю на табе засную:
Яе брамы пякельны ня змогуць;
I ты будзеш вязаць: адчыняць, зачыняць,
I Апосталы так-жа памогуць».

«Бо ты Пастыр усіх, тых авечак маіх:
Ты пасі, сьцеражы іх, як трэба!
Мае праўды вучы, і карай і лячы:
Я цябе ўспамагаць буду з неба».

Пётр быў добры айцец і сьцярог тых авец,
Што Хрыстос яму быў даручыўшы:
Працаваў — гараваў аж на крыжы сканаў,
Толькі ў гробе сырым адпачыўшы.

А ключы перайшлі ад Пятра на зямлі
Да Наступніка ў Рыме Пятрова;
Ён аўчарні усей — адзін Пастыр людзей:
Так спаўняецца воля Хрыстова.

Вось у Рыме на той, на сталіцы сьвятой
Адзінаццаты Пій засядае:
Цэлы сьвет да яго, як да бацькі свайго,
У патрэбах сваіх прыбягае.

Вечны, слаўны той Рым, абычаем старым,
Ён скала, Хрысьціянства апора;
Там Наступнік Пятроў, дзевятнаццаць вякоў
Вучыць, іменем Божым гавора.

Беларусы, браты! Там, дзе Пётра сьвяты,
Там праўдзіва Хрыстова аўчарня.
А дзе Пётры няма, там і цемра і цьма;
Людзі бедныя гінуць там марна.

Дык адновім ізноў, як за нашых дзядоў.
Уніяцкую праўдзівую Цэркву:
Пойдзем усе за Пятром, іншы сьлед ператром,
На пачатак з сябе зложым жэртву!

III. Альпень
З пакаленьня ў пакаленьні
На Палесьсі ў Альпені
Жывуць людзі рэзвы, бойкі
Да работы вельмі стойкі;
Сьцерагуць абычай даўны.
Усе дагэтуль праваслаўны.
Яны — шляхта па паперах,
Па крыві і па манерах.
Папы вёску абміналі;
Толькі часам заязджалі
3 торбай, з саквай, ці з мяхамі,
Каб ахвяры браць з грахамі
Вядучы людзей да неба,
Пры тым лаялі, як трэба.
Людзі цёмны, небаракі,
Ня дай, Божа! горш табакі
Дзяды, бабы і дзяўчаты,
Хлопцы, дзеці — цэлы хаты
Былі з Богам не знаёмы:
Толькі сваркі і праклёны
Тут вяльможна панавалі
Людзі толькі тое зналі,
Што жылі ў вялікім п’янстве,
У недаверстве і паганстве.
Беларуская натура,
Хоць ціхая, хоць панура;
Беларус, як кажуць, скрыты,
Бо быў много крыўджан, біты
Хоць і пацераў ня знае,
Аднак Бога прадчувае.
Хоць і любіць часам спорыць,
Многа ліха нагаворыць;
Хоць душа заскарупее,
Аднак іскра пламянее,
Што на дне ў сэрцы скрыта,
Хоць зусім было забыта.
Усе добра знаем гэта:
Часам простая кабета,
Калі чыста сэрца мае,
Так разумна разважае
I так шчыра любіць Бога, —
Хоць вучоная нямнога, —
Што вышэй у неба стане
За вучоных «мосьці-пане».
У Альпені тож — дзяўчаткі,
Добры сестры, жонкі, маткі,
Як сьляза, душою чысты,
Сэрцам добрым прамяністы,
Сабой красны і прыгожы, —
Як пачулі словы Божы,
Запалілісь вельмі скора
Да малітвы і да хору,
Да царквы, да набажэнства,
Пакідалі ўсё блазенства.
Вось Альпень заварушыўся;
Вельмі скора ажывіўся:
Глядзіш з боку і здаецца,
Скуль усё у іх бярэцца?
Есьць аркестра, хор, як трэба —
Прыхіляюць к сабе неба:
Служыць Богу кожна хата —
Гэтым рада, чым багата.
Гіне п’янства і блюзьнерства,
Пашыраецца братэрства:
Дзелам, словам, згодай, ладам
Альпень стаў для ўсіх прыкладам.
Наш Альпень — шчасьліва вёска —
Тут пануе ласка Боска!
Наш сьвяшчэньнік дзе блукаўся,
У Альпень калі папаўся,
Дык вучыць пачаў аб Богу:
К небу простую дарогу
Стаў паказываць Альпенцам.
Сам набожным, добрым сэрцам,
У навуцы так упарты,
Што малыя былі жарты!
Як каго не праканае,
Разоў сорак паўтарае —
Тое самае тлумачыць:
I што кожна праўда значыць.
I як жыць і як маліцца,
Як з суседзямі дружыцца.
Часам сьлёзна і набожна,
Часам сьмешна і пацешна —
То глыбокаю навукай,
А то жартам, (ня прынукай!) —
Тады ў хату прыбягае,
Адных просе, іншых лае...
Што і сілы больш ня стала,
(Пяць гадоў — ці гэта мала?!),
З ім змагацца і спрачацца...
Што-ж зробіш, трэба здацца!
Людзі добры, ды лянівы,
Іншы крышку баязьлівы:
Хочуць у ўнію пісацца,
Ды... яшчэ, яшчэ баяцца.

IV. Спрэчкі і згода
На сяле між сабой, ці таўпой, грамадой,
Вядуць спрэчкі мужчыны да сьмерці;
Бабы спорылі тож, за мужчын яшчэ горш,
Аж гатовы былі вочы дзерці.

Муж да жонкі: «Глядзі! Ты да іх ня ідзі,
Пачакай ты яшчэ з новай верай!
Бо то кажуць у нас: «Як падпішашся раз,
Дык ня вырубіш посьле сякерай!»

Яна кажа: «Дурны! Ці-ж мы толькі адны?
Там і тэты і той запісаўся».
А ён кажа: «Заб’ю! Спалю хату сваю!..»
I гразіў, і бажыўся, і кляўся.

Плач і жаласьць і грэх, а тут злосьць, а там сьмех,
Падзялілісь, пабілісь на двое:
У гэтай хаце браты; там суседзі, сваты —
І паўстала тут ліха такое,

Там сястру лаяў брат, а хто быў вінават,
Салямон-бы ня мог разабраць
«Ты такі, ты сякі!» На плячох сінякі
Чуць ня ў кожнай здараліся хаце.

Уніяты аднак (гэта добры быў знак!)
У тых спрэчках былі спакайнейшы;
Так Хрыстос навучаў і для нас прыклад даў:
«Я з усіх,— Ён казаў — пакарнейшы!»

Кожны тут уніят вельмі, вельмі быў рад,
Як праціўнікі к ім прылучалісь:
I малілісь за іх, як за родных сваіх,
Каб у веры сьвятой аб’ядналісь.

Ды заўзятая злосьць, як-бы кінута косьць,
Навет родных братоў разьдзяляе:
За зямелькі кусок, ці за хатні куток
Іншы праўды сьвятой ня прымае.

Мае мілы браты! Наш Спасіцель сьвяты
Вучыў ясна аб гэтым калісьці:
Мяне хочаш любіць, у раі са Мной жыць —
Ня шукай сваей собскай карысьці!»

«Я табе ёсьць важней за бацькоў, за дзяцей,
Ці за жонку, сястру, ці за брата;
Я твой Бог, Я Гасподзь! да Мяне ты прыходзь,
А душа твая будзе багата».

«А хто будзе мяшаць — да Мяне не пушчаць —
Кінь яго, хоць ён твой найбліжэйшы!
Лепей будзь сіратой, бо Я буду з табой,
Я твой Бог, Я твой друг, наймілейшы!»

Пасьля буры такой надыходзіў спакой —
Стала Унія тут будавацца:
У рэчцы пройдзе вада, прамінецца бяда,
Будзе вера глыбей грунтавацца.

V. Вялікая Ектэнія
Увесь сабраны народ у Гасподніх варот
Разам моліцца Спасу — Богу:
«Божа, дай супакой са сталіцы сьвятой,
Пакажы нам да неба дарогу!»

Прыдзі, Спасе, прыдзі! ўсіх людзей пагадзі,
Няхай мір твой на сьвет разьліецца:
А ў Цэркве сьвятой Паўсюднай, адной,
Няхай цэлая людзкасьць зьбярэцца,

Сваей Цэрквай уладзей і спасі тых людзей,
Што тут з верай і страхам прыходзяць;
Божа, усіх успамагай, сваю помач нам дай —
Злыя моцы няхай нам ня шкодзяць!

Асьвяці, успамажы; верны пуць пакажы
Найвышэйшаму ўсіх Архірэю!
З духавенствам усім, з верным людам тваім;
Веру ў нас запалі і надзею.

Божа, ласку нам дай — сьцеражы гэты край;
Апякуйся Уладай, Дзяржавай!
Божа, усіх рассудзі і братоў пагадзі —
Не жалей нам апекі ласкавай.

Гэту вёску ўсю пад апеку сваю
Прыймі, Божа, бо Ты міласэрны!
Усе сёлы і Край; Божа, ўсіх ўспамагай,
Асабліва народ Табе верны.

Накармі Родны Край, прыадзень, ласку дай,
Дай памыснасьць у полі, у хаце!
У бядзе памажы, ад грахоў сьцеражы,
Дай духовае шчасьце, багацьце.

А зямлі загадай, каб дала ўраджай
I настрой адпаведна пагоду;
Каб ні пошасьць, ні град, хоць і хто вінават,
Ні вайна — ня любілі народу.

Ці каму што баліць, ці ў вязніцы цярпіць,
Хто галодны, хто бедны, ці хворы —
Іхны просьбы пачуй! Божа, іх паратуй —
Ці хто пне ў дарозе, ці ў моры.

Ты для ўдоў — апякун, для сірот — пястун,
Ты пацеха, падмога ў патрэбе;
Гневы, злосьць пранясі і ад крыўды спасі,
Дай прыпынішча вечнае ў небе!

Як спадзе што на нас, заступі у той час,
I спасі сваей ласкай сьвятою;
Ты — Айцец пажалей нас, слабенькіх дзяцей,
Дык мы будзем бясьпечны з Табою.

Цяпер разам усіх прызываем Сьвятых,
Матку Божую, з усіх найчысьцейшу;
Аддаём мы сябе, Хрысьце, молім цябе:
Дай нам ласку сваю, найсьвяцейшу!

VI. Гутарка аб Уніі
(Праўдзівае здарэньне дня 26.XII.1931 году —
на другі дзень Усходніх Каляд).
АСОБЫ: Уніяцкі сьвяшчэньнік
Праваслаўны ероманах
і Лацінскі ксёндз.

Уніят да манаха.
Ойча, досыць нам сварыцца!
Трэба нам усім злучыцца.
Запраўды, нам вельмі стыдна,
Сьвету цэламу абідна,
Што між намі жыве звада —
Толькі пекла з таго рада.
Як браты мы дружна станем
I дзяліцца перастанем:
Пойдзем проціў камуністаў,
Проціў сектаў і баптыстаў —
Адзін пастыр, адно стада —
Будзе неба з таго рада.
М а н а х. Што дарэмна тут казаці?
Праўду трудна даказаці:
Вярхі нашыя калісьці
Для сваей, віцаць, карысьці
Народ просты ачмуціл —
Недзе праўду закруцілі.
Ты шукай, дзе хочаш знайдзеш?
Патрыярхі гэта нашы
Наварылі горкай кашы:
I ваш разам Рымскі Папа!
Вось для веры прыйшла кляпа:
Няхай кожны сам адмерыць —
Як патрапіць, няхай верыць.
К с ё н д з. Што, айцец, вы такі горкі?
М а н а х. Ня люблю такой гаворкі;
Не хачу той справы рухаць
I ня буду болей слухаць!
У н і я т. Мы вас, Ойча, ня змушаем:
Пасуседзку разважаем.
Аднак справа вельмі важна,
Ды пачнем судзіць адважна
Мы паслухаць вас гатовы.
Хоць і востры вашы словы.
Пачынай у імя Божа!
К с ё н д з. Ды няхай нам Бог паможа!
У н і я т . Што вы, Ойча, перш сказалі?
Мне здаецца — жартавалі?
Яшчэ вера не прапала!
М а н а х. Што, грахоў на сьвеце мала?
Перайдзеце сёлы, хаты —
Усе тут грэшны, вінаваты!
Людзі разам і асобны
Да чарцей усе падобны:
Ад дзяка да архірэя —
Гіне вера і надзея!
Перад Богам людзі танны —
Усе мы грэшны, акаянны!
К с ё н д з. Ойча, Ойча! на сумленьне!
Есьць у Вас незразуменьне.
М а н а х. Усе нягодны, усе фальшывы!
У н і я т. Але Бог аднак цярплівы.
Сваёй мудрасьцяй сьвятою
Сваю Цэркву так устроіў,
Што ёй новы даў тэстамант:
Палажыў такі фундамант,
Што жыць будзе векі-вечны,
А мы можам быць бясьпечны.
Хрыстос Госпад заручыўся,
Прысягнуў і пабажыўся:
«Я,— казаў Ён,— тое спраўлю,
Сваю Цэркву так пастаўлю,
Што злы дух яе ня зможа!»
Яго слова — слова Божа.
Людзі, праўда, саграшылі,
Але Госпад праўду мае —
Сваю Цэркву падтрымае.
К с ё н д з. І ў гэтым няма дзіва:
Адна вера ёсьць праўдзіва.
М а н а х. Кожны з вас сваё гародзіць,
А ці так яно выходзіць?
Гэта толькі словы, словы?
Тут ня нашыя галовы:
Вярхі гэта натварылі,
Што і праўду загубілі.
Патрыярхі вінаваты:
Яны мудры і заўзяты,
Дык няхай цяпер, як знаюць,
Праўды згубленай шукаюць;
Што папсулі, хай гародзяць:
Няхай Унію заводзяць.
Мы нічога тут ня знаем —
Так жывём і паміраем.
Як Вярхі нам гэта скажуць,
Ці там Унію завяжуць,
Дык і мы пайсьці гатовы
Да той іхнай пастановы.
У н і я т . Патрыярхі заблудзілі:
Сваю Цэркву адлучылі,
Не паслухалі Папежа.
Так Хрыстовая адзежа
На дзьве часьці разарвана.
I дагэтуль тая рана
Не загоена трывае —
Крывёй Божай аплывае.
Дык зрабеце з сябе жэртву:
Пойдзем разам у нашу Цэркву!
Сьвяту Унію завяжам,
Праўду чысту Вам пакажам.
М а н а х. I ваш папа з той-жа крамы:
Ён нягоднік такі самы!
К с ё н д з. Што я чую? дзіва, дзіва!
Гэта ўсё несправядліва:
А Вам Папа што такое,
Як, калі зрабіў благое?
М а н а х. Папа злосьці робіць многа,
Але мне?. Дык мне — нічога!
У н і я т . Перад Богам людзі роўны:
Найвышэйшы тож духоўны
За грахі свае адкажа.
Справядлівасьць Бог пакажа.
Бог даў розум чалавеку,
I нам даў кусочак веку,
Каб Яго мы тут пазналі,
Яго волю выпаўнялі.
Хто ня верыць, грэшыць, блудзіць,—
Дык за гэта Бог асудзіць.
Мы вось з Вамі аб тым спорым,
Шчыра, ясна ўсё гаворым,
Што Вам трэба асабіста
Пашукаць, дзе праўда чыста.
Чым грашылі Патрыярхі,
Ці Папежы, ці манахі,
Гэта іхны былі справы —
Будзе там ім Бог ласкавы.
Але мы, вось тут, мы самі,
Ці ня блудзім мы часамі?
Як хто сьведама заблудзіць,
Цяжка Бог яго асудзіць!
Мусім праўду тут шукаці
I друг другу памагаці:
Шукаць будзем, праўду знайдзем
I да неба разам зайдзем.
Дык ня можна так казаці,
На другіх перакладаці
«Той такі, там вінаваты,
Ён там хітры, злы, заўзяты —
Мая хата стаіць з краю:
Я шчога тут ня знаю!..»
Бог дае нам уласны вочы,
Каб сьвяцілі ўдзень і ўночы:
Даў Бог рукі, розум, волю,
Каб кавалі сваю долю —
Зараблялі кусок хлеба,
Ды імкнуліся да неба.
М а н а х. Усюды Папа ваш мяшае:
Ён бунтуе, нападае...
I да веры старадаўнай
Нашай рускай, праваслаўнай,
Прычапіўся бесканечна.
I вы тож прысталі, вечна
З гэтаю вашаю навукай —
Так сказаць, як-бы з прынукай,
Назаляеце бяз меры
А што ж з вашай рымскай веры?
Папа — пышны, Папа — горды,
А для нас ён вельмі цьвёрды:
Нібыто аб нас хлапоча,
А па праўдзе згубіць хоча.
У н і я т. А, ксёндз, гэты словы чуе?
К с ё н д з. Іх тут ненавісьць дыхтуе.
Калі гэтак, кіньце спорыць!
Няхай Богу тут прагаворыць:
Калі хочам мы злучацца,
Пачынайма лепш маліцца.
Бо малітва, (тож ня дзіва!)
Зьмягчыць сэрца, як аліва.
Папа тож напамінае;
Сам маліцца пачынае,
Як пісалася ў газэце:
Загадаў, каб у цэлым сьвеце
Усе малілісь за Расею.
Мае крэпкую надзею,
Што малітвы Бог пачуе
I Расею паратуе.
М а н а х. Што мне будзеце тлумачыць?
Знаю, знаю, што то значыць!
Вы разумны, вы вучоны;
Вы талкуеце з амбоны,
А народ нам збунтавалі.
Як на моры тыя хвалі,
Так народ тут неспакойны,
А такі быў багабойны!..
У н і я т. Эй-жа, Ойча, Вы заўзяты!
Чым Вам дрэнны ўніяты?
I Папежа надарэмна
Вы так зганьбілі нікчэмна:
Гэта ўсё несправядліва
I нягодна і фальшыва!
Вы сказалі, што... «спакойна
Тут народ жыў багабойна...»
Так то так... а тут калісьці
Вашы бралі досьць карысьці
Авец пасьвіць не хацелі,
Але стрыгчы вы ўмелі!
Я й сягоньня езьдзіў у вёску:
Быў тут блізка — у Харомску.
Паўтараста хат, тым знакам
(Можа навет будзе з гакам?) —
Жывуць людзі, як дзікія:
I старыя і малыя
Цэла сьвята, усе Каляды
Прасядзелі ў хаце, гады.
Ня то хворы, а здаровы
Ляжаць у хаце так, як дровы.
Змарнаваўшы ноч на скокі,
Пасьля тыя-ж абібокі
Дзень на печы каратаюць.
Навет пацераў ня знаюць.
Тож ня дзіва, што баптысты,
Розны сэкты, камуністы
Расплянілісь, як вужакі.
Пасьля брэшуць, як сабакі,
Проіціў веры і спасеньня.
Гэта чортава насеньне
Жыве з вашага ляніўства
I з нядбальства, русафільства...
Вам тут Унія ня шкодзіць,
Калі* чысту праўду ўводзіць.
Мы народ свой добра знаем,
Вось ідзём і навучаем,
З сваей песьняй, з словам родным,
3 сваім духам тож народным.
Русафілы вы старыя!
Вы становіцесь чужыя —
Ваша песьня ўжо адпета,
Вам пара прыпомніць гэта!
Годзі Вам тут аглядацца
На Расею! з нас сьмяяцца,
З нашай мовы роднай, мілай.
А Масква нам тхне магілай —
Беларускаму імкненьню,
Маладому адраджэньню.
Хоць за голасам прыроды
Ідуць сьмела ўсе народы.
Вы, духоўны праваслаўны,
Захавалі звычай даўны:
Каб вось спосабам даўнейшым
Біць паклоны прад сільнейшым;
Цалаваць чужыя клямкі
I на лёдзе строіць замкі.
Вы ўступаеце прад мусам —
Хто з вас стаўся Беларусам?
Хто даў месца свайму слову,
Хто ўвёу ў Цэркву нашу мову?..
М а н а х. Альпень пабунтавалі...
У н і я т . Я? А вы таго ня зналі
I ня чулі, што ўніяты
Богам, вераю заняты,
I малітвай, набажэнствам,
Не займаюцца блазенствам?
Хвалім Бога, так, як трэба,
I шукаем толькі неба.
Вас братамі лічам так-жа,
А вы крывіцесь аднак-жа.
Вас у малітвах успамінаем
I дабра для вас жадаем.
А да Уніі, да згоды
Прыйдуць, дасьць Бог, усе народы!
Адзін Пастыр, адно стада...
М а н а х. А нам Уніі ня нада!
У н і я т. Ну, як хочаце, рабеце.
К с ё н д з. А яшчэ вось мне скажэце,
Чым Вам страшна аб’яднаньне?
М а н а х. Уже поздно. До свиданья!

VII. Госьць з Рыму
На Палесьсі сьвятым, у куточку глухім,
Дужа радасны госьць быў чаканы:
Мікалай Архірэй, праз Айца да дзяцей,
Візітатар быў з Рыму пасланы.

«Едзь-жа, едзь, чым скарэй, мілы наш Архірэй!
Дзеці родныя вельмі чакаюць»!
Дзён і ночанькаў пяць людзі нашы ня сьпяць:
Строяць брамы, Гасьця спатыкаюць.

Вот сабраўся народ, на чале крэсны ход —
Акалічна ўсе духавенства;
Як-бы хвалі плывуць, так ідуць ды ідуць —
Спатыкаюць Яго Прасьвяшчэнства.

У Палескім куце ўся прырода цьвіце
I лугі прад гасьцём расьцьвітаюць:
Птушкі рэзва пяюць, у паветра снуюць —
Як умеюць, Гасьця так вітаюць.

Народ цэлы пяе, сэрца радасьцяй б’е,
Голас нейкі ў грудзёх замірае,
А Ўладыка да ўсіх, да чужых, да сваіх,
Як Айцец да дзяцей, прамаўляе.

Як прамовіць хацеў, на ўсіх паглядзеў,
Пасьля рукі злажыў, як патрэба:
А тагды як пачаў, доўга так навучаў,
Голас плыў далей, далей, да неба.

Ён прысланы знарок, так як Божы Прарок,
Вучыў сьмела, а навет сварыўся:
За грахі тож карыў, ад душы гаварыў,
Аж на твары ўвесь запаліўся.

Народ жаль як пачуў, як-бы вецер дыхнуў,
Так, як збожжа, схіляе галовы:
Толькі рукі шчапіў, твар сьлязой скрапіў
I пакутаваць быў ужо гатовы.

Дзе скачуць, пяюць; званы радасна б’юць,
Тут сабралась аўчарня Хрыстова;
Праваслаўны також тут сабраліся тож,
Каб пачуць архірэйскае слова.

Як калісьці Хрыстос людзям радасьць прынёс
I братамі людзей называе:
Так Ўладыка для ўсіх, як для родных сваіх,
Свае сэрца, душу адчыняе.

Кажа: «Дзеці! для вас прыйшоў — выбіў той час,**
Каб злучыцца ў лодцы Пятровай;
Бо з Пятром плывучы, праз Пятровы ключы,
Вы дазнаеце ласкі Хрыстовай».

Так жадае Хрыстос, гэта воля нябёс —
«Аднавіць трэба праўду старую:
Дык пазнайце ізноў, як за нашых дзядоў,
Каталіцкую Цэркву сьвятую».

Малітва
Усей душою сваёй, Божа ласкі Тваей
Шчыра просім, пачуй і памілуй!
Узносім рукі к Табе, тройчы просім Цябе,
Будзь пацехай, надзеяй і сілай!
Божа нашых айцоў, будзь заўсёды гатоў,
Каб пачуць і нам даць, чаго просім:
Ты ўсе дзержыш у руках — сваю міласьць і страх,
Шчыры просьбы к Табе мы прыносім.
Ты любові Завет даў на гэты ўвесь сьвет:
Многа даў, яшчэ болей Ты маеш.
Ты нам міласьць даруй, нашы просьбы пачуй!
Ты малітвы пакорна прыймаеш.
За ўладыку, усіх Архірэяў тваіх
Яшчэ молімся шчыра і просім:
За спасеньне Яго, так-жа міру ўсяго
Гэты дары, малітвы прыносім.
Яшчэ, яшчэ молімся Богу
За тых, што наш храм збудавалі,
За тых, што на суд Божы сталі
I церпяць па сьмерці трывогу.
За тых, што Царкве памагаюць,
Працуюць, пяюць і прыходзяць,
I дзетак з сабою прыводзяць,
I ласкі ад Бога жадаюць.
Мы знаем, што Ты міласьцівы
I любіш ад веку да веку,
I ласку даеш чалавеку,
I творыш вялікія дзівы.
Дай дзень нам сьвяты, дасканалы,
Бязгрэшны, заўсёды спакойны,
I век дай жыцьця багабойны
Для службы Твае і для хвалы.
I Ангел Твайго супакою,
Што варту над намі трымае,
Хай цела, душу ўспамагае —
Няхай да нас прыйдзе з Табою!
Гарачы малітвы заносім:
Дай, Божа для нас разграшэньне,
Праступкаў, грахоў адпушчэньне
Прашчэньне ў Госпада просім!
Дабра і духовай карысьці,
I згоды людзям, супакою:
Каб мы Тваей ласкай сьвятою
Маглі быць шчасьлівы калісьці!



Альбэртын 1932 г.

Выданьне Таварыства Ісусавага

Друкарня ім. Фр. СКАРЫНЫ

ВІЛЬНЯ. Завальная вуліца 6-10



НА ГЛАВНУЮ      НАВЕРХ

Copyright© 2004-2005, Юрась ЛЕШКЕВИЧ.   Написать автору

Хостинг от uCoz