АСАБІСТАЕ

ЛЕТАРГІЯ

О, радзіма мая!
Як цяжка ўсведамляць,
Што лёс твой прадвызначаны...

Кажуць, дрэвы, як людзі, — нараджаюцца, жывуць, паміраюць. Цікава, а ці можна параўнаць з чалавечым жыццём, напрыклад, лёс цэлай вёскі, пасёлка, горада? Літаральна кожны раз, калі я пасля некаторага перапынку вяртаюся ў вёску Альпень, што на Століншчыне, дзе нарадзіўся і вырас, чамусьці згадваюцца менавіта такія паралелі. Ці то нейкія змены ў асабістым светаадчуванні і стаўленні да рэчаіснасці, да нашай вялікай і малой гісторыі прымушаюць глядзець на ўсё іншымі вачыма, ці то час мяняе гэтую самую рэчаіснасць настолькі, што не заўважаць гэтага проста нельга?

У баку ад цывілізацыі

Жыхары Альпеня любяць жартаваць. Наша вёска — гэта Цэнтр, кажуць яны і тлумачаць, што ад яе трыста кіламетраў да Мінска, столькі ж — да Кіева, столькі ж — да Гомеля і Брэста. I, здаецца, яшчэ нядаўна дабрацца ў гэты палескі "цэнтр" можна было без праблем. Рэйсавыя аўтобусы хадзілі не толькі са Століна і Давыд-Гарадка, але нават з Пінска — усяго шэсць разоў на дзень. Ды і гэтага было мала. Сёння ж незнаёмаму чалавеку трапіць сюды складана. Аўтобус ідзе адзін раз, ды і той з Давыд-Гарадка. Але мясцовыя жыхары і ім амаль не карыстаюцца. Ужо прывычней і зручней стала хадзіць пешшу ці ездзіць на веласіпедзе напрасткі па дамбе, якую некалькі гадоў таму насыпалі, каб абараніцца ад паводкавых водаў заўсёды наравістай Гарыні.

Прайшлі і тыя часы, калі паселішча незалежна ад часу сутак яшчэ здалёк добразычліва сустракала цябе рознагалосым гоманам. Сёння, калі здараецца прыехаць з Мінска ноччу, то, праходзячы па вуліцах некалі мнагалюднай вёскі, не пачуеш нават сабачага брэху, а агеньчык у акне пасля адзінаццаці вечара — вялікая рэдкасць.

3 нейкага часу Альпень нібыта застаўся ў баку ад цывілізацыі, дзе жыццё развіваецца зусім па іншых законах — будуецца, расцвітае. Тут усё ідзе ў зваротным напрамку.

Сувязь з "вялікім светам" зведзена да мінімуму. Прыязджае сяды-тады хлебавозка, ды яшчэ раз на тыдзень цішыню вуліц будзіць машына з газам. Дзякуй Богу, яшчэ штодзень прыходзіць пошта. Сёння нават дарога да таго ж Давыд-Гарадка ў такім стане, што ехаць па ёй нельга. Гэта суцэльная чатырохкіламетровая пральная дошка. Наколькі мне вядомы мясцовыя завядзёнкі, гэта з'яўляецца дакладным сведчаннем таго, што раённае начальства даўно гасціла ў гэтых краях. Што ж датычыцца мясцовага калгаса, то пры сённяшнім татальным дэфіцыце на паліва ў яго ёсць куды больш надзённыя клопаты, чым разбітыя ўшчэнт вясковыя вуліцы.

Дарэчы, калгас "За Радзіму" фактычна з'яўляецца адзінай мясцовай уладай. Кожны жыхар добра ведае дарогу ў праўленне, бо ні на кога іншага састарэлым пенсіянерам, якія складаюць пераважную большасць жыхароў Альпеня, больш разлічваць не прыходзіцца. Але і калгас свайго не губляе. Па прычыне недахвату работнікаў яго начальства акрамя таго, што прыцягвае жыхароў суседніх вёсак, часта звяртаецца па дапамогу да гэтых самых пенсіянераў. Прычым размова з імі бывае звычайна кароткая: альбо бярэш абрабляць трыццаць сотак буракоў, альбо пазбаўляешся ўчастка сенакосу ці каня. Для тых, каго прынята лічыць працаздольнымі, калгас з'яўляецца асноўным работадаўцам.

Калісьці добрая частка вяскоўцаў працавала на мясцовай цагельні, якая належала Столінскай фабрыцы кухоннай мэблі. Заводзік вырабляў даволі нядрэнны будаўнічы матэрыял, які карыстаўся попытам не толькі ў раёне. Але з наступленнем татальнага эканамічнага крызісу ў райцэнтры адмовіліся ад утрымання цагельні. Яшчэ некалькі гадоў яна "хадзіла па руках", апошнім на ёй гаспадарыў суседні калгас. Але старая вытворчасць, якая патрабавала рэканструкцыі, чакала сапраўднага гаспадарскага падыходу. Якраз гэтага і не хапала. Сёння цагельні, лічыце, няма. У мінулым годзе ніхто нават пальцам не варухнуў, каб абараніць завод ад паводкі (прадпрыемства стаіць на беразе Гарыні). Пасля гэтага на працягу лета дзятва на яго тэрыторыі... лавіла рыбу. Зараз цагельня канчаткова раскрадзеная, кінутая і нікому не патрэбная. Шэрыя скасабочаныя паветкі, дзе яшчэ нядаўна сушылі і захоўвалі цэглу, яшчэ моцная пячная труба, сама печ — сэрца завода, у якой ужо ніхто не будзе абпальваць гліну, нібы нагадваюць, што тое ж самае пры падобным развіцці падзей мусіць здарыцца і з Альпенем.

Пра сацыяльны бок жыцця вяскоўцаў ці, як кажуць, культурна-бытавую сферу, наогул гаварыць не прыходзіцца па прычыне яе адсутнасці. Замест колішніх чатырох магазінаў зараз застаўся толькі адзін, дзе разам з харчовымі таварамі цяпер прадаюць і прамысловыя. Асартымент у краме неблагі — гэткі ж як і ва ўсіх вясковых магазінах. Праўда, асабліва моцна ўражвае выбар жавальных гумак — каля дзесятка сартоў. Маўляў, жуйце, старыя! Нібы злы жарт той самай цывілізацыі. Вяскоўцы ж па вялікаму рахунку ў краме купляюць хіба што хлеб і цукар.

У двухпавярховым клубе каторую зіму запар уладарыць Дзед Мароз. Наўрад ці хто ўспомніць, калі апошні раз тут дэманстравалася кіно. Зрэдку, калі канчаткова адолее самота, сюды збіраецца некалькі нежанатых хлопцаў, якія па розных прычынах засталіся пры бацьках, каб "забіць" дзесятак-другі "казлоў". Але ўрэшце і гэты занятак надакучвае, таму звычайна на дзвярах іржавее замок. Прыкладна па такому ж "графіку" працуюць мясцовыя ФАП і камбінат бытавога абслугоўвання.

Словам, ад колішняга росквіту і заможнасці вёскі літаральна за некалькі гадоў не засталося і следу.

Гісторыя "ваколіцы О..."

На пачатку вучобы ў Белдзяржуніверсітэце я зацікавіўся гісторыяй беларускай літаратуры і, у прыватнасці, так здарылася, што засяродзіў асаблівую ўвагу на творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Гадзіны, праведзеныя ў бібліятэцы, далі нечаканы вынік. Я прыйшоў да высновы, што гісторыя напісання знакамітай "Пінскай шляхты" непасрэдна звязана з роднай вёскай. Альпень для пісьменніка стаў не толькі тым месцам, дзе ён падчас шматлікіх блуканняў па беларускаму краю знайшоў аснову для сюжэта, але і месцам развіцця падзей фарс-вадэвіля. В. Дунін-Марцінкевіч "замаскіраваў" яе назву пад нейкую "ваколіцу О... Пінскага павета". Больш таго, высветлілася, што ў Альпені ў 1849 годзе Дунін-Марцінкевіч напісаў яшчэ і адзін са сваіх лірычных твораў — верш "Вясна".

Гэта толькі адзін факт з пяцівекавой гісторыі вёскі. А колькі іх застаецца да гэтага часу невядомымі?! Тым не менш, пэўную частку гістарычнай спадчыны ўдалося ўстанавіць. Паводле брашуры Івана Гарашкевіча "Роwiat Stolinski", якая была выдадзена ў Брэсце ў 1930 годзе, і даных Пінскага краязнаўчага музея, першае ўпамінанне аб вёсцы прыпадае на 1479 год. Якраз тады княгіня Ганна, удава князя Свідрыгейлы, падаравала Альпень нейкаму Зяновічу-Альпенскаму, а ў 1515 годзе князь Фёдар Яраслававіч зацвердзіў гэты дар Зяновію Сямёнавічу Ляшкевічу і яго сям'і (адначасова ў вёсцы атрымаў землі і Ян Тугай-Ліпскі (герб Дзебіч). Пазней, у 1551 годзе, каралева Бона зацвердзіла прадстаўленне князёў Івана і Фёдара для братоў Чарнышэвічаў-Канапліцкіх (герб Суліма) таксама ў Альпені. А праз стагоддзе кароль Міхал Корыбут пацвярджае ранейшыя прывілеі сям'і Зяновічаў-Ляшкевічаў-Альпенскіх (герб Налонч). Вядома, гэтая доўгая шляхецкая гісторыя не магла не адбіцца на далейшым развіцці вёскі: на сённяшні дзень у Альпені найбольш распаўсюджаны прозвішчы Ляшкевіч (адзін з варыянтаў — Ляшкевіч-Зяновіч-Альпенскі), Ліпскі, Шпакоўскі, Канапліцкі. А сам дух шляхецтва нават зараз жыве ў крыві карэнных альпенцаў.
Успенская царкава ў Альпені

У энцыклапедыі ды тэматычныя зборнікі па архітэктуры вёска трапіла дзякуючы Успенскай царкве 1888 года, якая з'яўляецца помнікам палескага драўлянага дойлідства.

Гартаючы звесткі з архіваў, можна знайсці яшчэ шмат цікавых фактаў, якія ілюструюць ранейшае дынамічнае развіццё Альпеня. Напрыклад, у 1887 годзе тут упершыню была адкрыта школа граматы, дзе вучыліся 20 хлопчыкаў, а ўжо ў 1908 годзе ў аднакласнае народнае вучылішча змаглі хадзіць 52 чалавекі. Дарэчы, паказчыкі колькасці вучняў у школе не толькі яскрава сведчаць аб дэмаграфічнай сітуацыі, але наогул ілюструюць развіццё вёскі. За год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны тут была адкрыта сямігадовая школа, у якую хадзіла 276 вучняў. У 1964 годзе навучальнай установе прыйшлося надаваць статус сярэдняй школы, таму што колькасць дзяцей працягвала расці. Бадай пераломным аказаўся 1970 год, калі адукацыю атрымлівалі адразу 379 чалавек. Пасля гэтага лічбы паступова пачалі падаць. Ужо ў 1985 годзе засталося толькі 99 дзяцей, а ў 1991-м — 36. У такіх умовах, зразумела, магчыма існаванне толькі базавай школы. Сёння ў Альпені дзіцячых галасоў яшчэ менш.

Без моладзі няма будучыні

Як бачым, карані крызісу цягнуцца з сямідзесятых гадоў, але асабліва моцны адбітак пакінулі негатыўныя працэсы сярэдзіны васьмідзесятых, якія да канца мінулага дзесяцігоддзя зрабілі аднаўленне вёскі справай амаль немагчымай. Галоўная прычына, з-за чаго жыццё Альпеня пачало згасаць, заключаецца ў тым, што родныя мясціны імкліва пакідала моладзь. З'ява гэтая, трэба сказаць, была характэрная для ўсёй краіны.

У свой час уладамі была аб'яўлена палітыка ўзбуйнення гарадоў. Нашай сталіцы гэта асабліва датычылася. Мінску патрэбна было метро, але дзеля такой "раскошы" Масква патрабавала мільённага насельніцтва беларускай сталіцы. 3 гэтай нагоды прыезд вясковай моладзі ў горад толькі вітаўся (пра наступствы, якія чакаюць саму вёску, тады ніхто не думаў). Альпенская моладзь таксама аддала перавагу гораду. Мінск, Брэст, Пінск і іншыя буйныя цэнтры сталі другой радзімай для выхадцаў з Палесся. Паступова гэта пачало набываць пагражальныя маштабы. У канцы сямідзесятых — пачатку васьмідзесятых юнакі і дзяўчаты пакідалі родную вёску цэлымі класамі. Сёння дайшло да таго, што выязджаць ужо няма каму.

Вядома, тлумачыць сённяшні стан толькі гэтай прычынай было б няправільна. Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася пасля чарговага жэста дзяржавы. Альпень, які не быў ні галоўнай сядзібай калгаса, ні цэнтрам сельсавета, аказаўся ў шэрагу неперспектыўных вёсак. 3 сярэдзіны васьмідзесятых усякія сацыяльныя праграмы Альпеня ўжо не датычыліся, ніякага будаўніцтва не вялося, фінансаванне не ажыццяўлялася. Новыя катэджы (нават цэлы пасёлак), асфальтаваныя дарогі, новая школа, дзіцячы садзік і многае іншае так і засталося марай, шчодра размаляванай рознага кшталту кандыдатамі ў дэпутаты. Вёска на справе аказалася кінутай дзяржавай і ўладамі.

Калісьці ў школе рукамі мясцовых аматараў мінуўшчыны быў складзены альбом, які расказваў пра гісторыю Альпеня. Там захаваўся такі запіс: "на 1 студзеня 1988 года было зарэгістравана 403 гаспадаркі, жыло 857 чалавек". У 1994 годзе ўжо застаўся толькі 351 двор і 689 жыхароў. Сёлетнія лічбы наогул не ўсяляюць аптымізму. Цяпер пасля прыезду, пытаючыся пра вясковыя навіны, можна пачуць у адказ хіба што вестку пра чарговае пахаванне. Хаця тут і пытацца не трэба, бо новыя дамы з забітымі аканіцамі раскажуць усё без слоў. I спыніць гэта ўжо немагчыма.

Замест эпілога

Дзеці

Хутка зноў надыдзе лета. Альпень напоўніцца звонам дзіцячых галасоў. Старым яны не будуць даваць спакою нават па начах. Хвалюючыся за ўнукаў, тыя будуць у каторы раз клікаць іх дахаты. I ў каторы раз безвынікова. Нягледзячы на гэта, дзесьці ў глыбіні душы ўсё роўна будзе нешта радавацца і свяціцца цяплом. Гэты шэпт і смех маладых на лавачках у засені дрэў і ў таемным паўзмроку зорнай ночы будзе нагадваць ім пра ўласную маладосць, пра тыя часы, калі жыццё тут кіпела і калі ім дома таксама ўседзець было немагчыма. Яны ведаюць, што за летам зноў наступіць шэрая дажджлівая восень з яе доўгімі бязрадаснымі вечарамі і бясконцымі бессэнсоўнымі начамі...

Летаргія.

А можа гэта такая старасць, якая паступова пераходзіць ў смерць вёскі? Беларускай вёскі...

Юрась ЛЯШКЕВІЧ.
Фота аўтара.

НА ГЛАВНУЮ      НАВЕРХ

Copyright© 2004-2005, Юрась ЛЕШКЕВИЧ.   Написать автору

Хостинг от uCoz