АСАБІСТАЕ
ГІСТОРЫЯ ЧАЛАВЕКА — ГІСТОРЫЯ ГАЗЕТЫ
«Звязда» 25 гадоў хавала сямейную рэліквію
Вялікдзень, Радаўніца, Успенне. У адно з гэтых святаў наша сям'я абавязкова збіраецца на могілках у вёсцы, што раскінулася па той бок Гарынi. Тут, пад шатамі старых елак, магілы дзядулі і бабулі, прабабак...
Дзед памёр яшчэ ў 1986 годзе. Усё жыццё быў здаровым чапавекам, нават на зубы ніколі не скардзіўся. А тут зачах літаральна на вачах, праляжаўшы ўсяго месяцы два ў бальніцы. Урачы разводзілі рукамі, ды і мы ведалі, што ад яго хваробы лекаў яшчэ не вынайдзена.
Я быў тады ўжо вялікім хлапчуком, але памераў гэтай страты яшчэ не ўсведамляў. Толькі крыху пасталеўшы, усё часцей успамінаю дзеда. Гадзінамі я дапытваўся ў бабулі і ў матулі пра яго. Чым займаўся, як у час вайны трапіў у палон, як некалькі разоў спрабаваў бегчы, як пасля вызвалення вярнуўся ў родныя мясціны, як касіў-малаціў у калгасе... Яны расказвалі, што памяталі.
Пяць гадоў таму не стала і бабулі. Гэтая страта была яшчэ больш адчувальнай. Пазней я прачытаў у адной з навел Георгія Марчука, чаму так адбываецца. Калі адыходзяць твае бабулі і дзядулі, то заканчваецца яшчэ адно пакаленне, і твая чарга на вечным шляху ад нараджэння да смерці прасоўваецца яшчэ на адзін крок. Іншымі словамі, самыя глыбокія карані, якія трымаюць цябе на зямлі, такім чынам, адміраюць. I тваё дрэва застаюцца трымаць толькі ты і твае бацькі. Успаміны пра дзяцінства, праведзенае некалі ў хаце дзеда, увесь час клічуць туды. Кожны год, бываючы ў родных мясцінах, імкнуся прыехаць сюды, каб паглядзець на стромкія дрэвы, якія хоць і яшчэ больш выраслі, але здаюцца ўжо не такімі вялікімі, як раней. Пастаяць на беразе імклівай ракі, успамінаючы як некалі дубцом дзед гнаў мяне адсюль. Паглядзець на копы саломы на полі за хлявом, дзе некалі з лепшым сябрам можна было цэлы дзень збіраць валошкі ў жыце і хавацца ад бабулі. Пасядзець на некалі зробленай дзедавымі рукамі лаўцы ў цяньку пад любімай яблыняй-малінаўкай...
Неўзабаве пасля смерці бабулі цётка, якая жыве ў той жа вёсцы, пусціла ў дзедаву хату пажыць далёкіх родзічаў. Гнаныя сацыяльнымі і палітычнымі вятрамі, яны прыехалі на радзіму з Казахстана. З гэтага часу пачуццё дзедаўскай хаты стала ўжо не такім вострым. Ісці ў двор да незнаёмых людзей было няёмка. Але цягнула яшчэ адна нязробленая справа. У хаце засталіся старыя фотаздымкі.
Сёлета пасля наведвання могілак, нарэшце было вырашана: годзе ім, непатрэбным чужым людзям, пыліцца ў цмянай кладоўцы. Пайшоўшы разам з цёткай, маці ды сястрой, мы забралі тое, што было памяццю пра дзядулю і бабулю. Некалькі вялікіх партрэтных фотаздымкаў, узятых у карычневыя рамкі за шклом. Такія звычайна можна знайсці ў кожнай вясковай хаце. I некалькі рамак з малымі фотакарткамі, якія акуратна пакладзеныя адна да адной, маглі расказаць пра ўвесь род. Тут і сам дзед з бабуляй, іх родныя, нават прадзед з прабабкай. Жоўтыя, з налётам даўніны і пячаткамі фотамайстраў, карткі. Я ўжо не кажу пра новыя, нават мае фатаграфіі. Яны, зразумела, цікавілі менш. А вось, напрыклад, прыгажунчык-дэед у вайсковай форме — гэта рэдкі здымак. Ён годны таго, каб забраць сабе ў сямейны альбом.
Дастаць цвічкі з тыльнага боку рамкі не склала цяжкасці. Пад кавалкам картону, які прыціскаў фотакарткі, нечакана аказалася газета. Які прыемны сюрпрыз — «Звязда»! Напэўна, дзед, майструючы рамкі, паклаў яе для ўшчыльнення.
«Цікава, калі ж ён гэта майстраваў? Па даце выхаду газеты можна лёгка высветліць, — падумалася мне. — Ды і што тады пісала газета, у якой мне лёс падараваў зараз працаваць?» Не паспеў я ўбачыць дату (як аказалася 28 студзеня 1976 года), з газеты выпала пажоўклая, складзеная некалькі раэоў, папера. Дастаткова было аднаго позірку, каб зразумець, што гэта нейкі дакумент. Разгарнуў — сапраўды, дакумент, прычым на польскай мове.
«Пасведчанне стральца Домніча Гаўрыіла, народжанага дня 14.III.1914 у вёсцы Харомск Столінскага павету Палескага ваяводства...». Гэта аказалася пасведчанне аб заканчэнні дзедам у 1938 годзе «школы падафіцэрскай 64 палка» польскага войска з атрыманнем звання «старшы стралец». Непасрэдна на дакуменце быў фотаздымак усяе, напэўна, роты, дзе служыў дзед.
Звычайна, знаходзячы падобныя паперы толькі на незнаёмых ці вельмі далёкіх людзей, я і здагадвацца не мог, што нешта падобнае чакае свайго часу і ў дзедавай хаце, акуратна загорнутае ў «Звязду» і надзейна схаванае за рамкай з фотаздымкамі. Менавіта схаванае. У гэтым можна не сумнявацца. Бо за падобную паперу ў вядомыя часы можна было і «ворагам народа» аказацца. Многія проста пазбаўляліся ад падобных папер, якія маглі каштаваць жыцця. Дзед жа, аказваецца, не спужаўся. I можна толькі ганарыцца тым, што яму ўдалося захаваць гэтую рэліквію, і здагадвацца, чаго гэта яму каштавала. Папера перажыла вайну, палон ці акупацыю (не выключана, што ў час вайны пасведчанне было не ў дзеда, а ў родных дома), пасляваенныя трывожныя сталінскія часы і г. д. Апошнія 25 гадоў сямейную рэліквію надзейна хавала ў сабе «Звязда».
Дарэчы, і газета сама па сабе — ужо цікавы гістарычны дакумент. Летась рэдакцыя праводзіла конкурс сярод падпісчыкаў. Яго сэнс заключаўся ў тым, каб прадставіць самы стары нумар газеты. Мяркую, гэты нумар мог паспрачацца за прыз. Ён вяртае нас на 25 гадоў назад, у той час, калі рэдакцыю ўзначальваў Аркадзь Тоўсцік. Галоўнай тэмай нумару быў пленум ЦК КПБ, паведамленне пра які заняло ўсю першую паласу. «Звязда» вяртае ў той час, калі «працоўныя Брэсцкай вобласці бралі на сябе сацыялістычныя абавязацельствы на 1976 год» і калі беларускі народ «абмяркоўваў праект ЦК КПСС да XXV з'езда «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976-1980 гады».
«Звязда» пісала пра воінаў Чырванасцяжнай Беларускай ваеннай акругі, пра юбілей Уладзіміра Няфёда, пра будаўніцтва чыгуначнага маста ў Маладзечне, пра новы аўтапарк у Слоніме. 3 кінапраграмы можна даведацца, што самымі папулярнымі фільмамі ў мінскіх кінатэатрах тады былі «Фанфан-Цюльпан» і «Гэта мы не праходзілі». Асаблівую цікавасць выклікае паведамленне аб устаноўчай канферэнцыі Беларускага таварыства па культурных сувязях з суайчыннікамі за рубяжом «Радзіма», якое тады ўзначаліў Рыгор Шырма. Зараз, як вядома, таварыства «Радзіма» па-ранейшаму дзейнічае і ўжо рыхтуецца адзначыць чвэрцьвекавы юбілей.
I, бадай, самае цікавае, што за 25 гадоў усё змянілася непазнавальна, але ранейшымі засталіся тэлефоны рздактара, яго намеснікаў і сакратарыята газеты. Дзе яшчэ знойдзеш такую стабільную газету?!
Юрась ЛЯШКЕВІЧ.
31 жніўня 2000 года.